Пошук

Пантыфік да Фінансавай гвардыі Італіі: служыць агульнаму дабру

Служыць грамадству, змагацца з карупцыяй і імкнуцца да новага гуманізму заахвоціў Францішак дэлегацыю Фінансавай гвардыі Італіі, якую 21 верасня 2024 года прыняў на аўдыенцыі з нагоды 250-годдзя яе заснавання.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У склад дэлегацыі ўвайшлі міністр эканомікі і фінансаў Італіі Джанкарла Джарджэці, галоўны камандуючы генерал Андрэа Дэ Джэнара, афіцэры, а таксама вайсковыя ардынарый і капелан.

У сваёй прамове Папа нагадаў пра карані Фінансавай гвардыі, якая была створана з мэтай фінансавага нагляду і абароны меж. З цягам часу на яе былі ўскладзены задачы падатковай, эканамічна-фінансавай, марской паліцыі, а таксама службы выратавання на моры і ў гарах. Падчас сусветных войнаў Фінансавая гвардыя аказвала дапамогу яўрэйскім і іншым бежанцам.

Нябесны заступнік Фінансавай гвардыі, апостал і евангеліст святы Мацвей, быў зборшчыкам падаткаў, мытнікам. У часы Езуса да гэтай прафесіі ставіліся з вялікай пагардай, бо яна была “падпарадкавана імператарскай уладзе і карумпіраванай”, - адзначыў Пантыфік, прыгадаўшы палатно Караваджа “Пакліканне святога Мацвея".

На думку Францішка, “утылітарны і бессаромны менталітэт”, адданасць богу грошай і ў нашы дні адбіваецца на грамадскім жыцці, выклікаючы дысбаланс і маргіналізацыю. Нават дзяржава, якая валодае значнымі рэсурсамі, можа стаць ахвярай гэтай сістэмы, калі застанецца ізаляванай у фінансавым плане або на глабальным рынку.

Фінансавая гвардыя паклікана спрыяць справядлівасці эканамічных адносін, збіраць падаткі, супрацьстаяць неналежнаму выкарыстанню Інтэрнэту і сацыяльных сетак, змагацца з карупцыяй і ценявой эканомікай. “Усё гэта – ваш канкрэтны і штодзённы спосаб служэння агульнаму дабру”, - падкрэсліў Папа.

На думку Пантыфіка, прычына карупцыі – у сапсаваным сэрцы (італ. cor-rotto), таму адказам на яе павінна стаць не толькі выкананне правіл, але і "новы гуманізм". Ён заклікаў гасцей спрыяць узнікненню гэтага новага гуманізму, у тым ліку праз выхаванне моладзі, салідарнасць і бескарыслівае служэнне іншым. Францішак падзякаваў гасцям за дапамогу мігрантам у Міжземным моры, за смелыя аперацыі падчас стыхійных бедстваў, а таксама нагадаў пра барацьбу з наркагандлем.

Багацце нацыі не толькі ў яе ВУП, яно ў яе прыроднай, мастацкай, культурнай, рэлігійнай спадчыне, а таксама ў усмешцы яе жыхароў, дзяцей і старых. “Багацце нацыі – гэта перш за ўсё яе народ”, - падкрэсліў Святы Айцец, заахвочваючы гасцей “будаваць альтэрнатыву глабалізацыі абыякавасці” і ўмацоўваць давер, надзею, усмешку народа.

21 верасня 2024, 11:00