Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Пантыфік кардыналам: спрыяць эканамічнай рэформе Рымскай курыі

20 верасня 2024 года Святы Айцец скіраваў ліст да Калегіі кардыналаў, у якім заклікаў сваіх бліжэйшых супрацоўнікаў умацаваць намаганні на карысць эканамічнай рэформы Апостальскай Сталіцы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак нагадаў, што каля дзесяці гадоў таму распачалася рэформа Рымскай курыі, а праз прыняцце Апостальскай канстытуцыі Predicate Evangelium была абноўлена арганізацыйная структура Святога Пасаду.

“Нягледзячы на цяжкасці, а часам спакусы бяздзеяння і закамянеласці перад абліччам перамен, за гэтыя гады было дасягнута вельмі шмат. Я дзякую за дапамогу, якую вы аказвалі і працягваеце аказваць”, - падкрэсліў Папа, адзначаючы, што “хацеў бы яшчэ раз асабліва спыніцца на адной з тэм, якія былі найбольш уласцівы генеральным кангрэгацыям, што папярэднічалі канклаву – эканамічнай рэформе Апостальскай Сталіцы”.

“Мінулыя гады паказалі, што просьбы аб рэформе, з якімі ў мінулым выступалі многія члены Калегіі кардыналаў, былі дальнабачнымі і прывялі да большага ўсведамлення таго факту, што эканамічныя рэсурсы, якія знаходзяцца на службе місіі, абмежаваны і павінны кіравацца з усёй строгасцю і сур’ёзнасцю, каб намаганні тых, хто ўнёс свой уклад у здабытак Апостальскай Сталіцы, не былі змарнаваны”, - напісаў Францішак.

Пантыфік адзначыў, што “па гэтай прычыне ўсе павінны прыкласці дадатковыя намаганні, каб “нулявы дэфіцыт” стаў не проста тэарэтычнай задачай, а рэальна дасягальнай мэтай”. “Рэформа заклала аснову для правядзення этычнай палітыкі, накіраванай на паляпшэнне эканамічных паказчыкаў існуючых актываў. Разам з гэтым кожная ўстанова павінна імкнуцца знаходзіць знешнія рэсурсы для сваёй місіі, падаючы прыклад празрыстага і адказнага кіравання на службе Касцёлу”, - дадаў Святы Айцец.

Пантыфік закрануў тэму скарачэння выдаткаў, нагадваючы кардыналам, што “мы павінны паказаць канкрэтны прыклад, каб наша служэнне ажыццяўлялася ў духу самага неабходнага, пазбягаючы лішняга і правільна выбіраючы прыярытэты, садзейнічаючы ўзаемнаму супрацоўніцтву і сінергіі”. “Мы павінны ўсведамляць, што сёння перад намі стаяць стратэгічныя рашэнні, якія павінны прымацца з вялікай адказнасцю, бо мы пакліканы забяспечыць будучыню Місіі”, - напісаў Папа.

Па словах Святога Айца, “установам Апостальскай Сталіцы ёсць чаму павучыцца ў салідарнасці добрых сем’яў”. “Падобна да таго, як у гэтых сем’ях тыя, хто знаходзіцца ў добрым матэрыяльным становішчы, прыходзяць на дапамогу самым бедным членам, тыя ўстановы, у якіх ёсць лішкі, павінны ўносіць свой уклад у пакрыццё агульнага дэфіцыту. Гэта азначае клопат аб дабрабыце нашай супольнасці, шчодрасць у евангельскім разуменні гэтага паняцця, як неад’емную перадумову для таго, каб прасіць аб шчодрасці звонку”, - сцвердзіў ён.

“Напрыканцы я прашу вас прыняць гэта пасланне з мужнасцю і духам служэння і падтрымаць бягучыя рэформы з перакананасцю, адданасцю і шчодрасцю, уносячы свае веды і досвед у працэс рэформаў. Кожная з структур Апостальскай Сталіцы ўтварае з усімі астатнімі адзіны арганізм: таму сапраўднае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ў імя адзінай мэты – дабра Касцёла – з’яўляецца неабходнай умовай нашага служэння”, - напісаў Францішак.
 

20 верасня 2024, 13:39