Францішак у Бруселі: нечаканы візіт да пажылых людзей
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пакінуўшы Лакенскі палац – рэзідэнцыю бельгійскай каралеўскай сям’і, дзе прайшла сустрэча з прадстаўнікамі ўладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса – Пантыфік нечакана адправіўся ў брусельскі каталіцкі дабрачынны цэнтр святога Юзафа.
У гэтай структуры пражываюць пажылыя людзі, якія маюць фінансавыя цяжкасці. Пра іх клапоцяцца манахіні з кангрэгацыі Малых сясцёр міласэрнасці. Візіт не быў прадугледжаны афіцыйнай праграмай падарожжа Францішка ў Бельгію.
Незапланаваны візіт Францішак зрабіў і падчас прабывання ў Люксембургу 26 верасня. Пасля абеду ў палацы арцыбіскупа, Святы Айцец наведаў невялікае кафэ, дзе разам са сваімі ахоўнікамі і некаторымі супрацоўнікамі выпіў кавы. Па дарозе ён спыніўся, каб благаславіць цяжарную жанчыну.