Пошук

Пантыфік у Лёвенскім універсітэце: спрыяць дабру ўсяго чалавецтва

“Заданне ўніверсітэта – даваць цэласную фармацыю, каб людзі атрымлівалі неабходныя інструменты для інтэрпрэтацыі сучаснасці і праектавання будучыні”, - нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

27 верасня 2024 года Францішак здзейсніў візіт у Лёвенскі каталіцкі ўніверсітэт у Бельгіі. У 2025 годзе гэта, адна з найстарэйшых навучальных устаноў у свеце, будзе адзначаць сваё 600-годдзе.

У звароце да выкладчыкаў Святы Айцец падкрэсліў, што ўніверсітэт павінен не толькі быць месцам стварэння культуры і новых ідэй, але ў першую чаргу “спрыяць гарачаму жаданню пошуку праўды”. Пантыфік заклікаў “пашыраць межы пазнання”, ператвараючы “акадэмічную і культурную фармацыю ў жыццядайную прастору, якая разумее жыццё і прамаўляе да жыцця”. “Пашыраць межы і станавіцца адкрытай прасторай для чалавека і грамадства – гэта вялікая місія ўніверсітэта”, - дадаў ён.

Францішак нагадаў, што вузкія межы сучаснай культуры пазначаны, з аднаго боку, адмаўленнем ад пошуку праўды і рэлятывізмам, а з іншага – рацыяналізмам, згодна з якім праўдзівым з’яўляецца толькі тое, што можна вымяраць і адчуваць, быццам жыццё абмежавана толькі матэрыяй і тым, што бачнае.

На думку Святога Айца, першая крайнасць звязана са “стомленасцю духа”, якая напаўняе “перманентнай няпэўнасцю і адсутнасцю запалу, нібыта бескарысна шукаць сэнс у рэальнасці, якая застаецца непазнавальнай”. “Шукаць праўду складана, бо гэта вымушае нас выходзіць па-за ўласныя межы, рызыкаваць, задаваць сабе пытанні. І таму, у стомленасці духа, нас больш прываблівае павярхоўнае жыцці, якое не прадугледжвае шмат пытанняў; такім жа самым чынам нас прыцягвае больш простая, лёгкая, зручная “вера”, якая ніколі нічога не ставіць пад сумнеў”, - сказаў Папа.

Гаворачы пра іншую крайнасць – бяздушны рацыяналізм – Пантыфік падкрэсліў, што мы рызыкуем зноў упасці ў яго з-за тэхнакратычнай культуры. “Калі зводзім чалавека выключна да матэрыі, калі рэальнасць абмяжоўваецца рамкамі таго, што бачнае; калі мысленне з’яўляецца толькі матэматычным і лабараторным, тады становіцца менш здзіўлення, менш таго ўнутранага захаплення, якое штурхае нас шукаць далей, глядзець у неба, каб знайсці тую схаваную ісціну, якая дасць адказы на фундаментальныя пытанні: “Для чаго я жыву? Які сэнс мае маё жыццё? Якая галоўная мэта гэтага падарожжа?”, - падкрэсліў Францішак.

Перад абліччам стомленасці духа і бяздушнага рацыяналізму Папа заклікаў выкладчыкаў Лёвенскага каталіцкага ўніверсітэта ў малітве прасіць Бога, каб “пашырыў нашы межы”. “Папросім Бога благаславіць нашу працу на карысць культуры, здольнай адказаць на сучасныя выклікі”, - заахвоціў ён, падкрэсліваючы важнасць таго, каб “пакідаць акно адчыненым на сучасны свет”, у тым ліку прымаючы мігрантаў.

“У той час як некаторыя заклікаюць умацаваць межы, вы, як універсітэцкая супольнасць, пашырылі іх, вы раскрылі свае абдымкі, каб прыняць гэтых людзей, каб дапамагчы ім вучыцца і ўзрастаць”, - сказаў Папа, дадаючы: “Нам патрэбна менавіта гэта – культура, якая пашырае межы, якая не з’яўляецца “сектанцкай” і не ўзвышаецца над іншымі, але, наадварот, знаходзіцца ў цесце свету, несучы ўсярэдзіну добрую закваску, якая спрыяе дабру чалавецтва”.

Святы Айцец заклікаў супольнасць каталіцкага ўніверсітэта быць “палаючым кустом”, які дазваляе аб’явіцца Богу. “Захоўвайце запаленым полымя гэтага агню; пашырайце межы! Будзьце нястрымнымі шукальнікамі праўды і ніколі не гасіце запал, каб не паддацца горкаму мысленню. Будзьце актыўнымі ў стварэнні культуры інклюзіўнасці, спагады, увагі да самых слабых і да вялікіх выклікаў свету, у якім жывём”, - заахвоціў на заканчэнне прамовы Пантыфік.
 

27 верасня 2024, 18:20