Пантыфік моладзі: лепшы адказ на абыякавасць – братэрства
Марыя Валодзіна - Vatican News
Лепшым адказам на канфлікты і абыякавасць з’яўляеццца братэрства, нагадаў Пантыфік, звяртаючыся да 50 прадстаўнікоў 25 краін Міжземнага і Чорнага мораў, якія сабраліся ў Тыране на моладзевай сустрэчы MED24. Пілігрымы надзеі. Міратворцы. Арганізатарамі сустрэчы выступілі Касцёлы краін Міжземнамор'я.
Моладзь – будучыня Міжземнамор’я
Святы Айцец прыгадаў сваё падарожжа ў Албанію ў 2014 годзе, назваўшы албанскі народ "шматаблічным, але аб'яднаным мужнасцю". “Як я казаў тады моладзі, вы – новае пакаленне Албаніі. Дадам сёння, дарагая моладзь з пяці берагоў Міжземнага мора, вы, новае пакаленне, – будучыня Міжземнамор’я”.
Будаваць мір
“Усе мы – пілігрымы надзеі, якія ідуць у пошуках ісціны, жывуць сваёй верай і будуюць мір. Бог любіць кожнага і не робіць адрозненняў паміж намі. Братэрства паміж пяццю ўзбярэжжамі Міжземнага мора, якое вы будуеце, – гэта адказ, лепшы адказ, які мы можам даць на канфлікты і абыякавасць, якая забівае”, - адзначыў Францішак.
Адзінства ў разнастайнасці
“Запрашаю вас разам навучыцца распазнаваць знакі часу. Разглядайце разнастайнасць вашых традыцый як багацце, пажаданае Богам. Адзінства – гэта не аднастайнасць, а разнастайнасць вашай культурнай і рэлігійнай ідэнтычнасці, гэта дар Божы”, - падкрэсліў Францішак, заклікаючы да ўзаемапавагі і ўвагі да тых, з кім не лічацца, каго лічаць цяжарам, хто вымушаны пакінуць сваю краіну часта ў вельмі маладым узросце. “Калі ласка, паклапаціцеся пра кожнага. Гэта не проста лічбы, а людзі, жыццё кожнага чалавека святое. Давайце адмовімся ад культуры абыякавасці і адкрыем дзверы для гасціннасці і сяброўства”, - заклікаў Святы Айцец.
Міжземнамор'е як прыгожы сад
Па словах Папы, Міжземнае мора злучае людзей і з'яўляецца "прыгожым садам, які трэба апрацоўваць". Ён заклікаў моладзь "пры любых абставінах захоўваць дух служэння" і натхняцца мужнасцю пакутнікаў, напрыклад, благаслаўлёнай Марыі Туцы.
Напрыканцы паслання Францішак даверыў удзельнікаў сустрэчы Марыі, Маці добрай рады, заступніцы Албаніі. "Яе Беззаганнае Сэрца вучыць быць нястомнымі пілігрымамі надзеі і прытрымлівацца знакаў Божых”, каб Міжземнамор'е зноў стала морам братэрства і міру, і перастала быць могілкамі, сказаў Папа.