Папа да палітычных лідараў Люксембурга: галоўная задача – служэнне
Марыя Валодзіна - Vatican News
26 верасня 2024 года ў муніцыпалітэце Серкл (Cercle Cité) у Люксембургу прайшла афіцыйная сустрэча Пантыфіка з уладамі краіны, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і дыпламатычным корпусам. У зале Францішка віталі Вялікі герцаг Анры і Вялікая герцагіня Марыя Тэрэза. Прэм’ер-міністр Люк Фрыдэн звярнуўся да Папы з кароткім словам, у якім падзякаваў за вялікі гонар, які ён аказаў Люксембургу сваім візітам.
Скрыжаванне моў і культур
У сваёй прамове Папа нагадаў, што праз сваё геаграфічнае становішча на мяжы розных моўных і культурных абласцей Люксембург часта апынаўся на скрыжаванні самых значных гістарычных падзей. У першай палове мінулага стагоддзя яму давялося двойчы перажыць заваяванне і страту незалежнасці.
“Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ваша краіна, навучаная гісторыяй, вызначылася сваёй прыхільнасцю пабудове адзінай і братэрскай Еўропы, у якой кожная краіна, маленькая ці вялікая, магла б граць сваю ўласную ролю, пакінуўшы ззаду рознагалоссі, сваркі і войны, выкліканыя агрэсіўным нацыяналізмам і згубнымі ідэалогіямі”, - адзначыў Святы Айцец.
Калі пераважае логіка канфрантацыі і гвалтоўнага супрацьстаяння, раёны, якія ляжаць на мяжы паміж канфліктуючымі дзяржавамі, у канчатковым выніку аказваюцца супраць сваёй волі моцна ўцягнутымі ў канфлікт. З іншага боку, калі, нарэшце, канфлікт замяняецца на супрацоўніцтва, тыя ж самыя памежныя раёны становяцца найбольш прыдатнымі для вызначэння патрэб новай мірнай эры і шляхоў, па якіх варта ісці, - падкрэсліў Папа.
Трывалая дэмакратыя
Люксембург не з'яўляецца выключэннем з гэтага правіла. Ён стаў адным з заснавальнікаў Еўрапейскага Саюза і папярэдніх яму супольнасцяў. Тут месцяцца шматлікія еўрапейскія ўстановы, сярод якіх Суд ЕС, Еўрапейская падліковая палата і Еўрапейскі інвестыцыйны банк. Трывалая дэмакратычная структура краіны, якая клапоціцца аб годнасці чалавечай асобы і абароне яе асноўных свабод, з'яўляецца неабходнай перадумовай для таго, каб Люксембург граў важную ролю ў кантынентальным кантэксце, - зазначыў Святы Айцец.
“Па сутнасці, не памер тэрыторыі або колькасць жыхароў з'яўляюцца неабходнай умовай для таго, каб дзяржава адыгрывала важную ролю на міжнароднай арэне ці станавілася важным эканамічным і фінансавым цэнтрам. Хутчэй, гэта цярплівая пабудова мудрых інстытутаў і законаў, якія рэгулююць жыццё грамадзян у адпаведнасці з крытэрыямі справядлівасці і павагі да вяршэнства закона, ставячы асобу і агульнае дабро ў цэнтр, прадухіляюць небяспекі дыскрымінацыі і супрацьстаяць ім”, - сказаў Папа.
Пакліканне да супрацоўніцтва і салідарнасці
“У сувязі з гэтым застаюцца па-ранейшаму актуальнымі словы, сказаныя святым Янам Паўлам II падчас візіту ў Люксембург у 1985 годзе: "Ваша краіна застаецца вернай свайму пакліканню: быць на гэтым важным скрыжаванні цывілізацый месцам інтэнсіўных абменаў і супрацоўніцтва паміж усё большай колькасцю краін”. Я горача жадаю, каб гэтае імкненне да салідарнасці ўсё больш аб'ядноўвала нацыянальныя супольнасці і распаўсюджвалася на ўсе краіны свету, асабліва на самыя бедныя”, - заахвоціў Францішак.
Папа заклікаў да ўстанаўлення салідарных адносін паміж народамі, каб кожны народ мог стаць удзельнікам і галоўным героем праекта інтэгральнага развіцця.
Клопат пра стварэнне і братэрства
“Сацыяльнае вучэнне Касцёла падкрэслівае асаблівасці такога прагрэсу і шляхі яго дасягнення. Я, са свайго боку, паглыбляю ў рамках гэтага вучэння дзве вялікія тэмы: клопат пра стварэнне і братэрства. Сапраўды, каб развіццё было сапраўдным і цэласным, мы не павінны рабаваць або разбураць наш агульны дом. Гэтак жа мы не павінны пакідаць на абочыне народы ці сацыяльныя групы”, - сказаў Пантыфік.
Служыць прыкладам інтэграцыі мігрантаў
Папа нагадаў, што “багацце – гэта адказнасць” і папрасіў сачыць за тым, каб не пакідаць па-за ўвагай найбольш бяздольныя краіны, а наадварот, дапамагчы ім выбрацца з бядотнага становішча. “Гэта адзін са спосабаў паменшыць колькасць людзей, вымушаных міграваць, часта ў нечалавечых і небяспечных умовах”, - падкрэсліў Францішак.
Хай Люксембург, з яго асаблівай гісторыяй і своеасаблівым геаграфічным становішчам, амаль палова жыхароў якога – выхадцы з іншых частак Еўропы і свету, паслужыць прыкладам інтэграцыі мігрантаў і бежанцаў, - пажадаў Святы Айцец.
Будаваць жыццё на высакародных каштоўнасцях
“На жаль, нават на еўрапейскім кантыненце мы назіраем адраджэнне рознагалоссяў і варожасці, якія замест таго, каб вырашацца на аснове ўзаемнай добрай волі, перамоў і дыпламатычных дзеянняў, выліваюцца ў адкрытую варожасць, якая вядзе да разбурэнняў і смерці. Здаецца, што чалавечае сэрца не заўсёды памятае мінулае і перыядычна збіваецца з шляху, вяртаючыся на трагічны шлях вайны”. Каб вылечыць гэты небяспечны склероз, які цягне за сабой велізарныя чалавечыя ахвяры і бессэнсоўныя бойні, нам трэба падняць позірк увысь, трэба, каб штодзённае жыццё народаў і іх лідараў грунтавалася на высакародных і глыбокіх духоўных каштоўнасцях. Гэта не дазволіць розуму паддацца вар'яцтву і паўтарыць памылкі мінулага, якія могуць пагоршыцца з-за тэхнічнай моцы, якой сёння валодае чалавек, - папярэдзіў Пантыфік.
Жыццёвая сіла Евангелля
“Як пераемнік апостала Пятра і ад імя Касцёла, які мае вялікі досвед у чалавечых справах, я знаходжуся тут, каб засведчыць, што гэтай жыццёвай сілай, гэтай вечна новай сілай асабістага і грамадскага абнаўлення з'яўляецца Евангелле. Толькі Евангелле Езуса Хрыста здольна глыбока змяніць чалавечую душу, зрабіць яе здольнай тварыць дабро нават у самых складаных сітуацыях, гасіць нянавісць і прыміраць канфліктуючыя бакі. Хай кожны чалавек, кожны мужчына і кожная жанчына ў поўнай свабодзе спазнаюць Евангелле Езуса, які ў сваёй асобе прымірыў Бога і чалавека, які ведае, што адбываецца ў чалавечым сэрцы, і можа вылечыць яго раны”, - пажадаў Папа.
Вырашаць рознагалоссі шляхам перамоў
На думку Пантыфіка, Люксембург можа прадэманстраваць усім перавагу міру над жахамі вайны, перавагу інтэграцыі мігрантаў над іх сегрэгацыяй, перавагу супрацоўніцтва паміж краінамі над згубнымі наступствамі ўмацавання пазіцый, а таксама эгаістычнага і недальнабачнага, нават жорсткага, імкнення да ўласнай выгады. Існуе настойлівая неабходнасць у тым, каб тыя, хто знаходзіцца ва ўладзе, рашуча і цярпліва прыступілі да сумленных перамоў у мэтах урэгулявання рознагалоссяў, а таксама праявілі гатоўнасць да пошуку годных кампрамісаў, якія нічога не падрываюць і замест гэтага могуць забяспечыць бяспеку і мір для ўсіх.
Служэнне як лад жыцця
Папа нагадаў дэвіз свайго падарожжа - Служыць (Pour servir), які адлюстроўвае місію Касцёла ў свеце. “Але дазвольце мне нагадаць вам, што служэнне таксама з'яўляецца для кожнага з вас вышэйшым высакародным тытулам, галоўнай задачай, ладам жыцця, якога трэба прытрымлівацца кожны дзень,” - завяршыў сваю прамову Францішак, заклікаючы Божае благаслаўленне для Люксембурга.