Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: прыняцце святой Камуніі – форма паўстання супраць зла

Трэба аднавіць радыкальную еднасць з Богам і братамі, каб ператварыць свет, - нагадаў Папа ў пасланні да адкрыццё 53-га Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Форум пройдзе з 8 па 15 верасня 2024 года ў сталіцы Эквадора Кіта. Яго дэвіз – Братэрства на карысць аздараўлення свету. Святога Айца на кангрэсе прадстаўляе венесуэльскі кардынал Балтасар Энрыке Порас Кардоса, арцыбіскуп-эмерыт Каракаса.

Пантыфік нагадаў, што Эўхарыстыя ўмацоўвае братэрства – важную ўмову для пабудовы новага свету, больш справядлівага і гуманнага. “Ужо першыя Айцы Касцёла казалі, што знак хлеба запальвае ў Божым народзе жаданне братэрства, бо як немагчыма зрабіць хлеб з аднаго зерня, так і мы павінны ісці разам, “бо нават будучы шматлікімі, з’яўляемся адным целам, адным хлебам”, - напісаў Папа, адзначаючы важнасць узрастання ў братэрстве, якое нараджаецца з еднасці з Богам і гатоўнасці быць “перамолатымі” як зерне, каб стаць “хлебам” для бліжніх.

Святы Айцец падкрэсліў, што “гэта братэрства павінна таксама быць праактыўным”. У якасці прыкладу ён згадаў пра нямецкую манахіню Ангелу Аўч, якая загінула ў канцэнтрацыйным лагеры Аўшвіц-Біркенаў у 1944 годзе. Яшчэ да свайго арышту, калі было відавочна, якое вялікае зло навісла над светам, яна заклікала паўставаць супраць яго з дапамогай простых жэстаў, у першую чаргу, набліжаючыся да таямніцы алтара і прымаючы святую Камунію.

“Для яе заклік да частага прыняцця святой Камуніі, асабліва ў кантэксце малітвы за Папу і Касцёл, які ў той час падвяргаўся пераследу, азначаў знайсці ў Эўхарыстыі повязь, якая ўмацоўвае запал самаго Касцёла, повязь, якая ўмацоўвае гэты запал паміж яго членамі і Богам, і для яе гэта было “арганізацыяй” сеткі супраціву, якую вораг не можа знішчыць, бо яна не адпавядае чалавечай задуме”, - напісаў Святы Айцец.

Францішак заклікаў аднавіць радыкальнае братэрства з Богам і паміж людзьмі, памятаючы, што “мы адно ў Пану нашага жыцця; мы адно ў тым, што не можам зразумець да канца, але тое, што разумеем – гэта, што толькі ў гэтай еднасці можам служыць свету і аздаравіць яго”.
 

08 верасня 2024, 17:29