Пантыфік: трэба спыніць войны, пакуль яшчэ ёсць час
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў міжрэлігійнай малітоўнай сустрэчы на тэму міру, якая праходзіць з 22 па 24 верасня 2024 года ў Парыжы па ініцыятыве Супольнасці святога Эгідзія. Яна адбываецца ў духу Малітвы за мір, якую святы Ян Павел ІІ правёў у італьянскім горадзе Асізі разам з рэлігійнымі лідарамі з усяго свету ў 1986 годзе.
Пантыфік заўважыў, што на працягу апошніх дзесяцігоддзяў гісторыю свету пазначыла мноства падзей: падзенне Берлінскай сцяны, пачатак трэцяга тысячагоддзя, рост фундаменталізму і шматлікія канфлікты ў розных частках планеты, кліматычныя змены, з’яўленне новых тэхналогій і пандэміі. “Мы знаходзімся пасярод “эпахальнай перамены”, перспектыў якой яшчэ не ведаем”, - дадаў Папа.
Святы Айцец падкрэсліў важную ролю рэлігій у будаванні міру на планеце і назваў дух малітоўнай сустрэчы ў Асізі “благаслаўленнем для свету”, разарванага войнамі і гвалтам. “Гэты дух павінен дзьмуць яшчэ мацней у парусы дыялогу і сяброўства паміж народамі”, - сцвердзіў ён.
“Мы павінны маліцца за мір. Рызыка таго, што шматлікія канфлікты, замест таго каб спыніцца, будуць небяспечна пашырацца, больш за канкрэтную”, - напісаў Францішак, скіроўваючы да палітычных лідараў заклік людзей, што пацярпелі ад вайны: “Спыніце вайну! Спыніце войны!”. “Мы ўжо знішчаем свет! Давайце спынімся, пакуль яшчэ ёсць час!”, - дадаў Папа.
Пантыфік пажадаў, каб малітоўная сустрэча ў Парыжы дапамагла вызнаўцам розных рэлігій усвядоміць іх пакліканне спрыяць росту братэрства паміж людзьмі.
“Занадта часта ў мінулым рэлігіі выкарыстоўваліся для распальвання канфліктаў і войнаў. Гэтая небяспека навісае і сёння”, - папярэдзіў вернікаў Святы Айцец, заклікаючы “аддаліць ад рэлігій спакусу станавіцца прыладай для сілкавання нацыяналізму, этнацызму і папулізму”. “Войны абвастраюцца. Гора тым, хто спрабуе прыцягнуць Бога да ўдзелу ў войнах!”, - дадаў ён.
Францішак адзначыў, што рэлігіі павінны спрыяць агульначалавечаму братэрству. Ён заклікаў адрасатаў паслання быць “рамеснікамі міру” і працаваць на яго карысць, нават калі многія працягваюць працаваць на карысць вайны. Святы Айцец нагадаў пра важнасць міжрэлігійных сустрэч і дыялогу, каб разам уяўляць і ствараць мір і братэрства паміж усімі народамі свету.
Папа заўважыў, што марыць пра свет, які будзе адзіным домам і адзінай сям’ёй для ўсяго чалавецтва. “Усім нам Бог даверыў заданне заклікаць і падштурхоўваць народы да братэрства і міру”, - завяршыў сваё пасланне Пантыфік.