Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
Rondo Allegro assai
Расклад Падкасты
Сустрэча Францішка з езуітамі Усходняга Тымора Сустрэча Францішка з езуітамі Усходняга Тымора  (Vatican Media)

Сустрэчы Пантыфіка з езуітамі ў Азіі і Акіяніі: ключавыя думкі

Падчас апошняга апостальскага падарожжа ў верасні 2024 года Папа правёў тры асобныя закрытыя сустрэчы са сваімі братамі-езуітамі ў Інданезіі, Усходнім Тыморы і Сінгапуры. Галоўнымі думкі, якія прагучалі падчас іх, падзяліўся часопіс La Civiltà Cattolica.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас размоў Францішак неаднаразова звяртаўся да постаці айца Педра Арупэ, былога генеральнага настаяцеля Таварыства Езуса, які пакінуў глыбокі след у гісторыі Ордэна. Пантыфік падкрэсліў важнасць ініцыятывы Арупэ па працы з бежанцамі. "Ён хацеў, каб езуіты працавалі з бежанцамі. Гэта складаная місія на перыферыі грамадства. І ён папрасіў іх спачатку пра адно: малітва, больш малітвы," - адзначыў Папа.

Святы Айцец таксама падкрэсліў важнасць засцярогі ад змешвання ідэалогіі з сацыяльнай справядлівасцю, пра што Арупэ папярэджваў езуітаў Лацінскай Амерыкі. "Ён быў сапраўдным Божым чалавекам. Я раблю ўсё магчымае, каб ён быў кананізаваны," - прызнаўся Пантыфік.

“Палітычныя сімвалы трэба абараняць”

Закранаючы складаную сітуацыю ў М'янме, Францішак выказаў сваю занепакоенасць і заклікаў да дзеянняў. "У М'янме сёння нельга маўчаць: трэба нешта рабіць!" - падкрэсліў ён. Папа прызнаўся, што асабіста клапоціцца пра лёс рахінджа і нават сустракаўся з Аун Сан Су Чжы, якая цяпер знаходзіцца ў турме.

"Я прасіў вызваліць спадарыню Аун Сан Су Чжы і нават прыняў яе сына ў Рыме. Я прапанаваў Ватыкан як прытулак для яе. У гэты момант яна з'яўляецца сімвалам. А палітычныя сімвалы трэба абараняць," - падкрэсліў Пантыфік. Ён дадаў, што будучыня краіны павінна грунтавацца на павазе да годнасці і правоў усіх грамадзян, а таксама на дэмакратычным парадку.

“Вера, якая не стварае культуру, з'яўляецца верай празелітычнай”

Адказваючы на пытанні пра пераслед хрысціян, Папа заклікаў да "асцярожнай адвагі" ў сведчанні веры. "Шлях хрысціяніна заўсёды з'яўляецца шляхам "пакутніцтва", гэта значыць, сведчання. Трэба сведчыць з асцярожнасцю і з адвагай: гэта два элементы, якія павінны ісці разам, і кожны павінен знайсці свой шлях," - сказаў Францішак.

Пантыфік таксама падкрэсліў важнасць інкультурацыі веры і евангелізацыі культуры, называючы гэта "фундаментальнай місіяй Таварыства". "Вера павінна быць інкультураванай. Вера, якая не стварае культуру, з'яўляецца верай празелітычнай," - адзначыў ён.

“Сацыяльная справядлівасць – істотная і неад'емная частка Евангелля”

Францішак закрануў тэму сацыяльнай справядлівасці, падкрэсліваючы яе цэнтральнае месца ў місіі Касцёла. "Сацыяльная справядлівасць павінна ўлічваць тры чалавечыя мовы: мову розуму, мову сэрца і мову рук. Быць абстрактным інтэлектуалам, адарваным ад рэальнасці, не дапамагае працаваць дзеля сацыяльнай справядлівасці; сэрца без розуму таксама не дапамагае; і мова рук без сэрца і без розуму таксама не дапамагае," - растлумачыў Папа сваё бачанне сітуацыі.

“Я мару пра Таварыства адзінае і адважнае”

Ён заахвоціў езуітаў быць творчымі ў сваім падыходзе да сацыяльнай справядлівасці, заўсёды ўлічваючы месца, час і людзей. "Гэта выклік творчасці і сацыяльнай справядлівасці. Менавіта так трэба ўсталёўваць сацыяльную справядлівасць, а не з дапамогай сацыялістычных тэорый. Евангелле мае свой уласны голас," - падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец прызнаўся, што хацеў бы бачыць Таварыства Езуса адзіным і адважным. "Я аддаю перавагу памылкам з прычыны адвагі, чым з прычыны асцярожнасці. Але нехта можа сказаць: "Калі мы знаходзімся на месцах барацьбы, на межах, заўсёды ёсць рызыка паслізнуцца...". І я адказваю: "Ну і паслізніцеся!". Хто заўсёды баіцца памыліцца, нічога не робіць у жыцці," - падсумаваў Францішак.
 

24 верасня 2024, 10:59
Prev
March 2025
SuMoTuWeThFrSa
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031     
Next
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930