Папа Касцёлу ў Бельгіі: нясіце Евангелле, радасць і міласэрнасць
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак правёў сустрэчу з бельгійскім духавенствам, кансэкраванымі асобамі і свецкімі душпастырскімі работнікамі. Яна адбылася раніцай 28 верасня 2024 года ў базіліцы Найсвяцейшага Сэрца – нацыянальным санктуарыі, які месціцца ў брусельскім раёне Кукельберг і з’яўляецца адным з пяці самых вялікіх каталіцкіх храмаў у свеце. Святы Айцец выслухаў некалькі сведчанняў, пасля чаго звярнуўся да прысутных са зваротам, які прысвяціў тром галоўным тэмам: евангелізацыі, радасці і міласэрнасці.
Прыярытэт – вяртанне да Евангелля
Францішак заўважыў, што эпахальныя перамены і крызіс веры на Захадзе падштурхоўваюць вярнуцца “да самага істотнага – гэта значыць да Евангелля”. Ён падкрэсліў, што кожны крызіс – гэта “каштоўная магчымасць”, якая даецца для таго, каб зварухнуць і перамяніць нас, дазваляючы нам адкрыць для сябе сцежкі Святога Духа.
У час, калі хрысціяне сталі меншасцю ад іх патрабуецца сведчанне, а гэта вымагае “адвагі касцёльнага навяртання, каб запусціць тыя душпастырскія перамены, якія тычацца таксама звычаяў, мадэляў, моў веры, каб яны па-сапраўднаму служылі евангелізацыі”, - дадаў Святы Айцец.
Францішак пажадаў, каб святары “не абмяжоўваліся захаваннем і кіраваннем спадчынай мінулага”, але былі “пастырамі, закаханымі ў Езуса Хрыста”, якія крочаць разам з Божым народам. Ён падкрэсліў важнасць адкрытасці на тых, хто непадобны да нас, і пошуку гармоніі ў разнастайнасці, бо ў Касцёле ёсць месца для ўсіх.
“Сінадальны працэс павінен быць вяртаннем да Евангелля; яго прыярытэтам не павінна быць нейкая модная рэформа, але пытанне: як можам данесці Евангелле ў грамадства, якое больш не слухае яго ці аддалілася ад веры?”, - сказаў Папа, заклікаючы ўсіх задумацца над гэтым пытаннем.
Радасць – знак Божай ласкі
Святы Айцец пажадаў, каб жыццё і служэнне духавенства было напоўнена радасцю, што паходзіць ад Бога і падтрымлівае ў цёмныя і цяжкія хвіліны. Ён працытаваў словы Ёзэфа Ратцынгера, які, задоўга да таго, як стаць Папам, пісаў, што там, дзе адсутнічае радасць і памірае гумар, там няма таксама і Святога Духа, бо радасць – знак ласкі.
“Няхай ваша прапаведаванне, вашы цэлебрацыі, вашай служэнне і апостальства выпраменьвае сардэчную радасць, бо гэта выклікае пытанні і прываблівае таксама тых, хто далёка”, - сцвердзіў Папа, падкрэсліваючы таксама, што вернасць – “шлях да шчасця”.
Сустрэча з міласэрнасцю змяняе сэрца і жыццё
Пантыфік адзначыў, што слуханне Евангелля і дзяленне ім напаўняе радасцю, бо дазваляе зразумець, што Бог – гэта міласэрнасць, а Яго любоў не прамінае ніколі. Ён падкрэсліў, што спазнанне міласэрнасці Бога дорыць новае сэрца і новае жыццё, таму заклікаў быць міласэрнымі перад абліччам пакут ахвяр злоўжыванняў і дапамагаць ім, а таксама несці міласэрнасць падчас служэння ў турмах. Ён нагадаў, што “ніхто не згублены назаўсёды”, а “пакаранне павінна быць лекам, павінна весці да аздараўлення”.
“Трэба дапамагаць людзям узняцца і знайсці свой шлях у жыцці і грамадстве. Давайце будзем памятаць: мы ўсе можам памыліцца, але ніхто не з’яўляецца памылкай, ніхто не згублены назаўсёды. Міласэрнасць, заўсёды міласэрнасць”, - сказаў Святы Айцец.
Напрыканцы прамовы Пантыфік пажадаў, каб Касцёл ніколі не замыкаў дзверы перад людзьмі, каб нёс усім адкрытасць на бясконцасць, каб быў здольным глядзець далей. “Гэта і ёсць Касцёл, які евангелізуе, жыве радасцю Евангелля і практыкуе міласэрнасць”, - адзначыў Францішак.