Пошук

Папа моладзі: здзейсніце рэвалюцыю любові і служэння

“Будаваць больш спагадлівы, гарманічны і братэрскі свет”, даючы евангельскае сведчанне і кіруючыся сацыяльным вучэннем Касцёла, - заклікаў моладзь Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

20 верасня 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі членаў Міжнароднага руху студэнтаў-католікаў Pax Romana, якія прыбылі ў Ватыкан разам са сваімі сябрамі і блізкімі. Францішак высока адзначыў іх намаганні па спрыянні сацыяльнай справядлівасці і цэласнаму чалавечаму развіццю, натхнёнаму каталіцкай верай і яго бачаннем свету, адпаведным задуме Божай любові для чалавечай сям’і.

Святы Айцец нагадаў свой заклік да моладзі быць “актыўнымі ўдзельнікамі рэвалюцыі любові і служэння”, а таксама заахвоціў маладых людзей “будаваць больш спагадлівы, гарманічны і братэрскі свет”, даючы евангельскае сведчанне і кіруючыся сацыяльным вучэннем Касцёла.

Пантыфік заклікаў моладзь актыўна ўключыцца ў сінадальны працэс Касцёла, які складаецца з сумеснага пілігрымавання, слухання, удзелу і высілкаў на карысць дыялогу, адкрытага на распазнаванне, а таксама быць уважлівымі да ласкавага голасу Святога Духа. Ён пажадаў юнакам і дзяўчатам выкарыстаць Юбілей 2025 года як нагоду для асабістага абнаўлення і духоўнага ўзбагачэння ў адзінстве з усім Касцёлам.

“Красамоўны сімвал Святых дзвярэй, праз якія праходзяць вернікі ў Рыме і ва ўсіх мясцовых Касцёлах, нагадвае, што мы ўсе пілігрымы, усе знаходзімся на шляху, пакліканыя разам да больш глыбокай еднасці з Панам Езусам і да адкрытасці на сілу Яго ласкі, якая перамяняе наша жыццё і свет, у якім жывём”, - сказаў Папа.

“Дарагія маладыя сябры, я спадзяюся, што ваша прабыванне ў Рыме і наша сённяшняя сустрэча будуць крыніцай абноўленага натхнення для вашай гатоўнасці “працаваць, каб пашыраліся спакой, суіснаванне, справядлівасць, правы чалавека, міласэрнасць, а праз гэта каб пашыралася Божае Валадарства ў свеце” (Christus vivit, 168)”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак даверыў моладзь апецы Маці Божай і благаслаўлёнага П'ера Джоржыа Фрасаці, якога, па яго словах, мае надзею кананізаваць у 2025 годзе.

20 верасня 2024, 10:51