Пошук

Папа на Імшы ў Джакарце: Божае слова хоча перамяняць нас

Божае слова не можа заставацца прыгожай абстрактнай ідэяй: яно просіць нас змяніць погляд, дазволіць нашым сэрцам стаць падобнымі на сэрца Хрыста, рызыкаваць жыць любоўю, - нагадаў Пантыфік.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Кульмінацыйнай падзеяй трэцяга дня падарожжа Францішка ў Інданезію стала святая Імша на Стадыёне Гелога Бунг Карно ў Джакарце. Яна прайшла 5 верасня 2014 года, у літургічны ўспамін святой Тэрэзы Калькуцкай. У літургіі бралі ўдзел каля 60 тысяч чалавек.

У гаміліі Папа заўважыў, што, каб стаць вучнямі Хрыста трэба слухаць Божае слова і жыць ім: зерне Божага слова павінна трапіць у сэрца і змяніць думкі, пачуцці і дзеянні. Пантыфік, нагадаў, што сэрца чалавека заўсёды шукае ісціны, здольнай задаволіць яго прагу шчасця і такой ісцінай ёсць Божае слова – “адзіны компас для нашага падарожжа, адзінае, што пасярод ран і разгубленасці можа прывесці нас да сапраўднага сэнсу жыцця”.

“Браты і сёстры, давайце не будзем забываць: першая задача вучня – не апрануцца ў вонкавую бездакорную рэлігійнасць, не рабіць вялікія справы, не ўдзельнічаць у грандыёзных пачынаннях. Першы крок заключацца ў тым, каб быць здольнымі слухаць адзінае слова, якое збаўляе – слова Езуса”, - сказаў Францішак, падкрэсліваючы, што “наша жыццё ў веры пачынацца з пакорнага прыняцця Езуса ў човен нашага жыцця”, калі мы слухаем Яго слова і дазваляем яму ўзрушыць і змяніць нас.

“Слова Пана не можа заставацца прыгожай абстрактнай ідэяй і толькі выклікаць мімалётныя эмоцыі: яно просіць нас змяніць наш погляд, дазволіць нашым сэрцам стаць падобнымі на сэрца Хрыста; яно кліча нас з адвагай закінуць сеткі Евангелля ў мора свету, “рызыкуючы” жыць любоўю, якой Ён вучыў і жыў сам”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў інданезійскіх вернікаў не апускаць рукі перад абліччам праблем, цяжкасцей і памылак, але давяраць Езусу, наследуючы прыклад святога Пятра, які пасля ночы няўдалай лоўлі рыбы, на слова Пана зноў закінуў сеткі і выцягнуў вялікі ўлоў.

Папа нагадаў словы святой Тэрэзы Калькуцкай, якая казала: “Калі вам няма чаго даць, дайце гэта нішто. І памятайце: нават калі вы нічога на пажынаеце, ніколі не стамляйцеся сеяць”. “Браты і сёстры, гэта я хацеў бы сказаць і вам, вашаму народу, гэтаму цудоўнаму і разнастайнаму архіпелагу: не стамляйцеся ўздымаць парусы і закідваць сеткі, не стамляйцеся марыць і зноў будаваць цывілізацыю міра! Заўсёды майце адвагу марыць пра братэрства. Словам Пана я заклікаю вас сеяць любоў, упэўнена ісці па шляху дыялогу, працягваць праяўляць сваю дабрыню і добразычлівасць з уласцівай вам усмешкай, каб быць будаўнікамі адзінства і міру. Такім чынам вы будзе распаўсюджваць вакол сябе водар надзеі”, - запэўніў Пантыфік, нагадваючы, што евангельская надзея не расчароўвае і адкрывае нам бясконцую радасць.

Пасля літургіі Святы Айцец вярнуўся ў Апостальскую нунцыятуру ў Джакарце, дзе правядзе бліжэйшую ноч, якая будзе папярэднічаць яго візіту ў Папуа-Новую Гвінею.
 

05 верасня 2024, 12:54