Пантыфік: правасуддзе павінна аднаўляць чалавечую годнасць
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў прэзентацыі кнігі Мінулае, сучаснасць і будучыня правасуддзя пераходнага перыяду: лацінаамерыканскі досвед глабальнага мірабудаўніцтва, якая прайшла 19 верасня 2024 года ў іспанскай Тэнэрыфе.
Пантыфік адзначыў, што ў слоўніку юрыдычных тэрмінаў, правасуддзе пераходнага перыяду акрэсліваецца “як комплекс прававых і палітычных мер, якія прымаюцца з мэтай спрыяння прымірэнню і дэмакратыі пасля сітуацый канфлікту ці рэпрэсій, у якіх мелі месца масавыя парушэнні правоў чалавека; ён уключае крымінальны пераслед, камісіі па ўстанаўленні праўды, праграмы па кампенсацыі ўрону і інстытуцыянальныя рэформы”.
Францішак прапанаваў згадаць пра сітуацыю, калі пасля адкрыцця Амерыкі Хрыстафорам Калумбам іспанская каралева Ізабэла Кастыльская даведалася пра гандаль індзейцамі як рабамі. “Калі прытрымлівацца прыведзенага вышэй вызначэння, то мы маем сітуацыю канфлікту і рэпрэсій, калі мела месца масавае парушэнне правоў чалавека і, адразу ж, комплекс мер, прынятых манархіяй, якія стануць зародкам нашых сучасных дэкларацый аб правах чалавека”, - напісаў Папа.
Святы Айцец падкрэсліў, што з гэтай гісторыі можна вынесці тры ўрокі. Першы – “гісторыя не вяртаецца назад”, а з ран пэўных сітуацый трэба збудаваць большую справядлівасць.
Другі ўрок дае “неадкладны адказ” каралевы Ізабэлы, як палітычнай улады і як маральнага сумлення, які выразіўся ў абароне чалавечай годнасці і здольнасці на “мужныя, інавацыйныя і цвёрдыя рашэнні”. Пантыфік нагадаў, што яна прыняла меры, накіраваныя на выпраўленне сітуацыі, “вызваляючы рабоў нават за ўласныя грошы”, а таксама правяла дзяржаўную рэформу, “забараняючы рабства і патрабуючы захавання асноўных правоў пацярпелых”.
Трэці ўрок Папа назваў, “магчыма, самым складаным, але не пазбаўленым надзеі”: ён датычыцца “эфектыўнага і канкрэтнага прымянення згаданых палажэнняў”. “Дагавор, подпіс, закон могуць быць мёртвай літарай, калі не прадугледжаны інструменты для таго, каб з сур’ёзнасцю, здаровым сэнсам і цярпеннем, дапамагчы не толькі літары, але і духу, які яе натхняе, дасягнуць тых, да каго яна скіравана”, - напісаў Святы Айцец.