Пошук

Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа просіць маліцца за мір і яго візіт у Бельгію і Люксембург

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Францішак скіраваў некалькі заклікаў, звязаных з яго планамі на бліжэйшыя дні і напружанай сітуацыяй у свеце, асабліва на Блізкім Усходзе і ва Украіне.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Давяраю вашым малітвам маё падарожжа, якое здзейсню паслязаўтра ў Люксембург і Бельгію, каб яно стала магчымасцю нанова распаліць веру ў гэтых краінах”, - сказаў Пантыфік, вітаючы франкамоўных пілігрымаў, якія 25 верасня 2024 года прысутнічалі на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Папа таксама выказаў занепакоенасць абвастрэннем сітуацыі на Блізкім Усходзе. “Я засмучаны навінамі, якія паступаюць з Лівана, дзе ў апошнія некалькі дзён інтэнсіўныя бамбардзіроўкі прывялі да шматлікіх ахвяр і разбурэнняў. Прагну, каб міжнародная супольнасць прыклала ўсе намаганні, каб спыніць гэтую жахлівую эскалацыю, якая з’яўляецца непрымальнай. Я выказваю спачуванне ліванскаму народу, які і так ужо занадта шмат пацярпеў за апошні час. Давайце таксама памолімся за ўсіх, за ўсе народы, якія церпяць ад вайны. Не будзем забываць пра змучаную Украіну, М’ямну, Палесціну, Ізраіль і Судан – пра усе змучаныя народы. Давайце будзем маліцца за мір”, - заклікаў Францішак.

Пра сітуацыю ва Украіне Пантыфік згадаў таксама ў звароце да пілігрымаў з Польшчы. “Сутыкнуўшыся з трагедыяй вайны ва Украіне і паводкамі, якія спустошылі вашу радзіму, не дазваляйце эгаізму і абыякавасці адолець вас, але, з Божай дапамогай, салідарна падтрымайце пакутуючых і тых, хто жыве ў нястачы і часта не бачыць надзеі”, - заахвоціў Святы Айцец.
 

25 верасня 2024, 10:24