Пошук

Папа развітаўся з Інданезіяй: пачатак новага этапу падарожжа

6 верасня 2024 года раніцай Папа завяршыў свой візіт у Інданезію і адправіўся ў Папуа-Новую Гвінею. Дзень Пантыфіка пачаўся ў 7.00 па мясцовым часе з прыватнай святой Імшы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Праз паўтары гадзіны, каля 8.30, Францішак развітаўся з персаналам і дабрадзеямі апостальскай нунцыятуры ў Джакарце, якая стала яго рэзідэнцыяй на час візіту. Пасля кароткай цырымоніі развітання, каля 8.45, Святы Айцец выправіўся ў Міжнародны аэрапорт Джакарты Сукарна-Хата, размешчаны ў 29 кіламетрах ад нунцыятуры.

Праз паўгадзіны, каля 9.15, папскі картэж прыбыў у аэрапорт. Там адбылася афіцыйная цырымонія развітання з Інданезіяй. Пантыфіка сустрэў Міністр па справах рэлігій. Францішак развітаўся з мясцовай камандай, якая рыхтавала і праводзіла візіт, і інданезійскай дэлегацыяй, пасля чаго апошнім падняўся на борт самалёта.

Каля 9.45 па мясцовым часе (5.45 па беларускім) самалёт авіякампаніі Garuda Indonesia з Папам на борце ўзняўся ў паветра, накіроўваючыся ў Порт-Морсбі, сталіцу Папуа-Новай Гвінеі. Палёт праз тэрыторыю Інданезіі і Папуа-Новай Гвінеі ў 4693 кіламетра павінен заняць каля 6 гадзін.

Падчас палёту Францішка чакае абед. Самалёт A330 ляціць з улікам розніцы ў часавых паясах: Порт-Морсбі знаходзіцца ў часавым поясе, дзе розніца з Джакартай складае плюс 3 гадзіны.

У Інданезіі на працягу некалькіх дзён Святы Айцец правёў шэраг важных сустрэч і мерапрыемстваў. Ён сустракаўся з мясцовымі рэлігійнымі і палітычнымі лідарамі, абмяркоўваючы пытанні міжрэлігійнага дыялогу і сацыяльнай гармоніі. Пантыфік таксама правёў Імшу для дзясяткаў тысяч каталіцкіх вернікаў, якія з'ехаліся з усёй краіны, каб убачыць яго і атрымаць благаслаўленне.
 

06 верасня 2024, 05:36