Пошук

Папа сустрэў бежанцаў і бедных у першы дзень візіту ў Інданезію

Францішак распачаў свой доўгачаканы візіт у Інданезію, які стаў першым этапам яго працяглага апостальскага падарожжа па Паўднёва-Усходняй Азіі і Акіяніі, з сустрэчы з бежанцамі і беднымі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Адразу пасля прыбыцця ў краіну 3 верасня 2024 года, Папа накіраваўся ў апостальскую нунцыятуру, вялікі будынак, пабудаваны ў 1960-я гады, які знаходзіцца непадалёк ад плошчы Мердэка ў цэнтральнай частцы горада. Па дарозе ў нунцыятуру белы аўтамабіль з Пантыфікам праехаў сярод небаскробаў і будынкаў з тыповай для Джакарты яванскай архітэктурай IX стагоддзя. Мясцовыя жыхары віталі Папу ўздоўж дарогі, махаючы сцягамі Інданезіі і выкрыкваючы selamat datang – сардэчна запрашаем.

У нунцыятуры Папу чакала група з 40 чалавек у тым ліку дзеці-сіроты, старыя, бедныя і бежанцы. Іх суправаджалі прадстаўнікі розных арганізацый, якія штодзень дапамагаюць гэтым людзям, сёстры-дамініканкі, прадстаўнікі Езуіцкай службы дапамогі бежанцам і Супольнасці святога Эгідзія.

Францішак асабіста павітаў кожнага і ўважліва выслухаў іх гісторыі. Сярод прысутных была сям'я бежанцаў са Шры-Ланкі, якая перажыла карабельную катастрофу падчас спробы дабрацца да Аўстраліі і цяпер чакае магчымасці ўз'яднацца з роднымі ў Канадзе або Аўстраліі. Таксама ў групе быў бежанец з народнасці рахінджа з М'янмы, якая падвяргаецца жорсткім пераследам на Радзіме. Папа асабліва цёпла паставіўся да дзяцей, абдымаў іх і блаславіў.

Пантыфік таксама сустрэўся з прадстаўнікамі бедных сем'яў, якія жывуць на вуліцах Джакарты і зарабляюць на жыццё зборам і перапрацоўкай смецця. Іх называюць людзьмі з вазкамі, бо яны выкарыстоўваюць гэтыя драўляныя прылады для збору смецця.

Гэтая сустрэча стала адзіным мерапрыемствам у першы дзень візіту Францішак, астатні час быў прысвечаны адпачынку.

Падарожжа Францішка працягнецца да 13 верасня 2024 года і ўключае, апрача Інданезіі, візіты ў Папуа-Новую Гвінею, Усходні Тымор і Сінгапур.
 

03 верасня 2024, 20:57