Пошук

Пантыфік сустрэўся са старшынёй Еўрапейскага савета

Апошні дзень свайго прабывання ў Бельгіі Святы Айцец пачаў прыватнай сустрэчай са старшынёй Еўрапейскага савета Шарлем Мішэлем. Яна прайшла раніцай 29 верасня 2024 года ў Апостальскай нунцыятуры ў Бруселі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Размова Святога Айца з бельгійскім ліберальным палітыкам працягвалася каля 15 хвілін. Яе змест застаўся канфідэнцыяльным.

1 снежня Шарль Мішэль завершыць працу на пасадзе старшыні Еўрапейскай камісіі, якую займае з 2019 года. Раней, з 2014 па 2019 год, ён быў Прэм’ер-міністрам Бельгіі – самым маладым у гісторыі гэтай краіны з 1845 года. На момант абрання на пасаду кіраўніка бельгійскага ўрада палітыку было 38 гадоў.

Францішак прымаў Шарля Мішэля на прыватнай аўдыенцыі ў Ватыкане ў верасні 2021 года. У 2020 годзе яны некалькі разоў праводзілі тэлефонныя перамовы, падчас якіх абмяркоўвалі сітуацыю, выкліканую пандэміяй COVID-19, а таксама тэму барацьбы з рэлігійнай варожасцю, развіцця дыялогу паміж рэлігіямі і культурамі.

Пасля сустрэчы з палітыкам Святы Айцец развітаўся з персаналам Апостальскай нунцыятуры ў Бруселі і накіраваўся на сталічны стадыён імя караля Бадуэна, каб узначаліць цэлебрацыю Эўхарыстыі, якая стане кульмінацыяй яго візіту ў краіны Бенілюкса.
 

29 верасня 2024, 09:00