Пошук

Папа ў Інданезіі: дзяржаўная цырымонія ў прэзідэнцкім палацы

Другі дзень візіту Францішка ў Інданезію пачаўся 4 верасня 2024 года ў 7.00 па мясцовым часе з прыватнай святой Імшы, якую ён цэлебраваў у сваёй часовай рэзідэнцыі – апостальскай нунцыятуры ў Джакарце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Каля 9.20 па мясцовым часе (5.20 па беларускім) Папа адправіўся ў Прэзідэнцкі палац Істана Мердэка, адлегласць да якога склала 2,9 кіламетра, і праз 10 хвілін, каля 9.30, прыбыў да галоўнай брамы палаца. Тут яго сустрэў ганаровы конны эскорт, які суправаджаў папскі картэж да галоўнага ўваходу.

Каля палаца, у прысутнасці прэзідэнта Рэспублікі Інданезія Джока Відода, адбылася ўрачыстая цырымонія прывітання. Група дзяцей выканала традыцыйны танец прывітання. Працягам стала афіцыйная ўрачыстая цырымонія: ганаровы караул, выкананне дзяржаўных гімнаў, ушанаванне сцягоў і прадстаўленне афіцыйных дэлегацый.

Каля 10.00 пачаўся візіт ветлівасці Францішка да прэзідэнта Рэспублікі ў Палацы Істана Мердэка. Прэзідэнт і Папа накіраваліся ў Залу Даверу праз бакавы ўваход, дзе Пантыфік пакінуў запіс у Кнізе гонару, там адбылася і афіцыйная фотасесія.

У Кнізе гонару Святы Айцец напісаў: “Акунуўшыся ў прыгажосць гэтай краіны, месца сустрэчы і дыялогу паміж рознымі культурамі і рэлігіямі, жадаю інданезійскаму народу ўзрастаць у веры, братэрстве і спагадзе”.

Пасля гэтага яны перайшлі на веранду для прыватнай сустрэчы, на якой прысутнічалі Міністр замежных спраў Інданезіі, арцыбіскуп Пол Галахер і перакладчыкі з абодвух бакоў.

Пасля заканчэнні прыватнай сустрэчы, каля 10.30 па мясцовым часе, прэзідэнт Інданезіі і Пантыфік разам накіраваліся ў Палац Істана Негара для сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, грамадскасці і дыпкорпуса. Адлегласць паміж палацамі складае ўсяго 0,3 кіламетра.

Варта адзначыць, што дзеючы прэзідэнт Інданезіі Джока Відода завяршае свой другі і апошні тэрмін на пасадзе. 20 кастрычніка 2024 года ён перадасць уладу свайму пераемніку Прабова Субіянта, абранаму 14 лютага 2024 года.

 

04 верасня 2024, 05:06