Францішак: захаванне прыгажосці – місія Касцёла і грамадства

Папа сустрэўся 30 верасня 2024 года з удзельнікамі праекта Захавальнікі прыгажосці (Custodi del Bello), падкрэсліваючы важнасць захавання і стварэння прыгажосці як шляху да цэласнай экалогіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак у сваім звароце падкрэсліў важнасць праекта ініцыятывы італьянскага епіскапату і яе ролю ў фарміраванні адказнага стаўлення да навакольнага асяроддзя і грамадства. Ён адзначыў, што назва праекта – гэта не проста слоган, але цэлая філасофія жыцця, арыентаваная на дзве галоўныя мэты: захаванне і прыгажосць.

“Быць Захавальнікамі прыгажосці – гэта вялікая адказнасць, а таксама важнае пасланне для касцёльнай супольнасці і ўсяго грамадства”

Пантыфік падкрэсліў, што захаванне патрабуе ўважлівасці, клопату і ўсведамлення каштоўнасці таго, што нам даверана. Ён заклікаў не баяцца "брудзiць рукi" і браць на сябе адказнасць за навакольны свет.

Францішак таксама звярнуў увагу на неабходнасць цэласнага падыходу да экалогіі, які ўключае не толькі клопат пра прыроду, але і пра людзей, асабліва тых, хто знаходзіцца на ўзбочыне грамадства.

“Сёння шмат людзей на ўзбочыне, выкінутых, забытых у грамадстве, якое становіцца ўсё больш эфектыўным і бязлітасным: бедныя, мігранты, адзінокія старыя і інваліды, хранічна хворыя”

Папа падкрэсліў важнасць правільнага разумення прыгажосці, якое не можа зводзіцца да павярхоўных эстэтычных стандартаў, а павінна ўключаць у сябе маральны і духоўны аспекты. Ён заклікаў удзельнікаў праекта не стамляцца ператвараць "агіднае ў прыгожае, дэградацыю ў магчымасць, беспарадак у гармонію".

“Калі мы не вучымся спыняцца, каб захапляцца і цаніць прыгажосць, не дзіўна, што ўсё ператвараецца ў аб'ект выкарыстання і злоўжывання без скрупулаў”

У заключэнне Францішак падзякаваў удзельнікам праекта Захавальнікі прыгажосці за іх працу і заклікаў іх браць прыклад са святога Юзафа, які сваёй сціплай і працавітай вернасцю дапамог вярнуць прыгажосць у свет.
 

30 верасня 2024, 11:03