Пошук

Папскі візіт у Папуа-Новую Гвінею: дыялог з мясцовым Касцёлам

7 верасня 2024 года Папа наведаў санктуарый Марыі Дапамогі Хрысціянаў у Порт-Морсбі. Там ён сустрэўся з біскупамі, святарамі, дыяканамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і катэхетамі Папуа-Новай Гвінеі і Саламонавых Астравоў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На ўваходзе Святога Айца прывіталі двое дзяцей у традыцыйных строях, якія паднеслі яму кветкі. Затым ён увайшоў у санктуарый, дзе яго вітаў хор.

Сустрэча пачалася з сведчанняў манахіні, святара, катэхета і ўдзельніка Сінода па сінадальнасці.

У сваёй прамове Францішак падкрэсліў тры ключавыя моманты, якія, паводле яго слоў, з'яўляюцца асновай хрысціянскага і місіянерскага шляху.

Першы – гэта адвага пачынаць. Пантыфік з захапленнем распавёў пра першых місіянераў, якія прыбылі ў Папуа-Новую Гвінею ў сярэдзіне XIX стагоддзя. "Іх першыя крокі не былі лёгкімі, некаторыя спробы нават пацярпелі няўдачу," - заўважыў Францішак. "Але яны не здаліся. З вялікай верай і апостальскай руплівасцю працягвалі прапаведаваць Евангелле і служыць братам, шмат разоў пачынаючы нанова там, дзе не мелі поспеху, з вялікімі ахвярамі”.

Другі момант – прыгажосць прысутнасці. Папа заклікаў Касцёл быць блізкім да людзей на перыферыі грамадства. Ён згадаў пра бедных у гарадах і тых, хто жыве ў аддаленых раёнах, дзе часам не хапае самага неабходнага. "Да гэтых братоў і сясцёр Касцёл жадае быць асабліва блізкім," - падкрэсліў Францішак.

Трэці аспект – надзея на рост. Святы Айцец параўнаў місіянерскую працу з сяўбой маленькіх зярнятак дабра. "Яны здаюцца мізэрнымі, як гарчычнае зерне, - сказаў ён, - але калі мы давяраем і не перастаём іх сеяць, па ласцы Божай яны прарастуць і дадуць багаты ўраджай”.

Папа таксама закрануў тэму моладзі і важнасці перадачы ім місіянерскага энтузіязму. Ён прапанаваў дзяліцца з маладымі людзьмі радасцю быць Касцёлам, паказваючы ім, "наколькі прыгожа разам ісці за Езусам і абвяшчаць Яго Евангелле”.

Завяршаючы сваю прамову, Францішак падзякаваў мясцовым католікам за іх працу па распаўсюджванні Евангелля ў Папуа-Новай Гвінеі і на Саламонавых Астравах. Ён заахвоціў іх працягваць сваю місію з адвагай, прыгажосцю і надзеяй, нягледзячы на цяжкасці і непаразуменні.

Пасля афіцыйнай часткі была зроблена групавая фатаграфія з біскупамі. Перад ад'ездам Пантыфік на кароткі час выйшаў на тэрасу, каб прывітаць вернікаў, якія сабраліся на плошчы перад санктуарыем.

Варта адзначыць, што Канферэнцыя Біскупаў Папуа-Новай Гвінеі і Саламонавых Астравоў была заснавана ў 1966 годзе. Яна аб'ядноўвае іерархаў 4 архідыяцэзій і 15 дыяцэзій Папуа-Новай Гвінеі, а таксама 1 архідыяцэзіі і 2 дыяцэзій Саламонавых Астравоў. З 2023 года яе ўзначальвае біскуп Ота Сэпары, пастыр дыяцэзіі Берэіны, а віцэ-старшынёй з'яўляецца біскуп Разарыё Менезес, пастыр дыяцэзіі Лаэ.

Пасля сустрэчы, якая завяршылася каля 18.40 па мясцовым часе (11.40 па беларускім), Францішак адправіўся ў мясцовую апостальскую нунцыятуру.
 

07 верасня 2024, 11:19