Папуа-Новая Гвінея: Папа сустрэўся з будучыняй краіны
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Усё пачалося з традыцыйнага танца прывітання, які задаў святочны настрой усяму мерапрыемству. Афіцыйную частку адкрыў біскуп Кімбе, адказны ў епіскапаце за моладзь, які цёпла павітаў Святога Айца і ўсіх прысутных. Затым маладыя людзі прадставілі тэатралізаванае выступленне, якое адлюстравала культуру і традыцыі краіны.
Важнай часткай праграмы сталі сведчанні моладзі. Прадстаўніца Каталіцкага прафесійнага таварыства падзялілася сваім досведам веры і служэння. Яшчэ двое маладых людзей таксама выступілі са сваімі гісторыямі, якія закранулі актуальныя для моладзі Папуа-Новай Гвінеі тэмы.
Галоўнай падзеяй сустрэчы стала прамова Францішка. Святы Айцец пачаў яе, выказваючы радасць ад знаходжання ў краіне з такім маладым насельніцтвам і выдатнай прыродай.
Папа звярнуўся да біблейскай гісторыі пра Вавілонскую вежу, выкарыстоўваючы яе як метафару для тлумачэння двух супрацьлеглых падыходаў да пабудовы грамадства. Ён падкрэсліў, што без Бога людзі губляюць здольнасць да камунікацыі і ўзаемаразумення, што вядзе да ізаляцыі і канфліктаў.
Францішак адзначыў унікальную моўную разнастайнасць Папуа-Новай Гвінеі, дзе існуе больш за 800 моў і дыялектаў. Ён заклікаў моладзь выкарыстоўваць гэту разнастайнасць як інструмент яднання, а не падзелу, падкрэсліваючы важнасць мовы любові як агульнай мовы для ўсіх.
Папа ўвёў паняцце вантокі любові (wantok – у Меланезіі, Папуа-Новай Гвінеі – блізкі таварыш, чалавек, з якім ёсць моцная сацыяльная сувязь, звычайна заснаваная на агульнай мове), заахвочваючы маладых людзей стаць носьбітамі любові Хрыста, пераадольваючы этнічныя і моўныя бар'еры. Ён падкрэсліў, што еднасць у любові дапаможа ім супрацьстаяць такім выклікам, як наркотыкі, алкаголь, парнаграфія і насілле.
Святы Айцец таксама закрануў тэму насілля ў сем'ях, спасылаючыся на сведчанне адной з удзельніц сустрэчы. Ён рашуча асудзіў усе формы насілля, падкрэсліваючы святасць чалавечага жыцця.
Папа заклікаў моладзь захоўваць і абараняць сваю веру, прывёўшы ў прыклад благаслаўлёнага Пітэра То Рота, катэхіста з Папуа-Новай Гвінеі, які ахвяраваў сваім жыццём за веру.
Завяршаючы сваю прамову, Францішак заахвоціў маладых людзей ісці разам, аб'яднанымі любоўю, каб будаваць лепшую будучыню для сваёй краіны. Ён падкрэсліў, што толькі разам, у адзінстве, можна рухацца да новых гарызонтаў і ствараць цывілізацыю любові.
Папа таксама папрасіў моладзь маліцца за яго і запэўніў у сваёй малітве за яе. Пасля прамовы адбыўся традыцыйны танец, які сімвалізаваў еднасць і радасць. Затым усе прысутныя разам памаліліся Ойча наш, пасля чаго Францішак удзяліў сваё апостальскае благаслаўленне.
На заканчэнне сустрэчы маладыя людзі ўручылі Святому Айцу падарунак, які сімвалізаваў іх удзячнасць і адданасць. Мерапрыемства завяршылася фінальнай песняй, якая аб'яднала ўсіх прысутных у адзіным парыве веры і надзеі.