Пошук

Сустрэча з беднымі ў Доме святой Марты Сустрэча з беднымі ў Доме святой Марты

Перад візітам у Люксембург і Бельгію Папа сустрэўся з беднымі

Перад тым як распачаць падарожжа ў Люксембург і Бельгію – краіны з адным з самых вялікіх у свеце ўзроўнем ВУП на душу насельніцтва – Святы Айцец сустрэўся з групай бедных.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

26 верасня 2024 года каля 7.00 Пантыфіка прывітала “група з прыкладна дзесяці бяздомных мужчын і жанчын, якія знаходзяць прытулак ноччу пад каланадай плошчы святога Пятра ці на вуліцах вакол яе”, - паведаміла ў адмысловым канюніке Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Кароткая сустрэча прайшла ў ватыканскім Доме святой Марты – рэзідэнцыі Францішка. Бяздомных суправаджаў кардынал Конрад Краеўскі, прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні і Элемазінарый Яго Святасці.

Сустрэчы з беднымі перад Апостальскімі падарожжамі з’яўляюцца традыцыяй цяперашняга пантыфікату. Такім чынам Францішак падкрэслівае, што, адпраўляючыся ў іншыя краіны, заўсёды захоўвае ў сэрцы і думках тых, з кім у Евангеллі святога Мацвея пажадаў атаясаміць сябе Езус. Таксама і бедныя, якія застаюцца ў Рыме, сваім візітам выказваюць удзячнасць і сыноўскую блізкасць Папу.
 

26 верасня 2024, 08:55