Пошук

Дзясяткі шахцёраў загінулі ў выніку выбуху на шахце ў Табасе (Іран) Дзясяткі шахцёраў загінулі ў выніку выбуху на шахце ў Табасе (Іран)  (ANSA)

Святы Айцец моліцца за ахвяр выбуху на шахце ў Іране

Францішак выказаў свае спачуванні ў сувязі з гібеллю людзей у выніку моцнага выбуху на вугальнай шахце ў Табасе (Іран). Аб гэтым гаворыцца ў тэлеграме за подпісам кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна.

Марыя Валодзіна - Vatican News

"Яго Святасць Папа Францішак быў засмучаны весткай пра раненні і гібель людзей у выніку нядаўняга выбуху на вугальнай шахце ў Табасе", - гаворыцца ў тэлеграме.

Пантыфік запэўніў у сваіх малітвах за загінулых і за сем'і, якія іх аплакваюць. “Выказваючы сваю духоўную салідарнасць з параненымі, Яго Святасць заклікае Усявышняга паслаць моц, суцяшэнне і мір усім, каго закранула гэтая трагедыя”, гаворыцца ў тэлеграме.

21 верасня 2024 года на вугальнай шахце ў правінцыі Паўднёвы Харасан на ўсходзе Ірана адбыўся выбух. У выніку інцыдэнту загінуў прынамсі 51 шахцёр, яшчэ 20 атрымалі раненні. Прычынай выбуху стала ўцечка метану.

25 верасня 2024, 10:55