Святы Айцец распачаў візіт у Папуа-Новую Гвінею
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Ля трапу самалёта ў Міжнародным аэрапорце Джэксана, які знаходзіцца ў васьмі кіламетрах ад сталіцы, Святога Айца сустрэў Віцэ-прэм’ер краіны ў суправаджэнні двух дзяцей у традыцыйных народных строях, якія ўручылі Папу букет кветак.
Цырымонія прывітання Пантыфіка распачалася ўрачыстым гарматным залпам, пасля чаго, у прысутнасці ганаровай варты, адбылося выкананне гімнаў і ўшанаванне дзяржаўных сцягоў. Пасля прадстаўлення членаў афіцыйных дэлегацый, Францішак адправіўся ў апостальскую нунцыятуру ў Порт-Морсбі, дзе павячэрае і правядзе бліжэйшую ноч.
Святы Айцец прабудзе ў Папуа-Новай Гвінеі тры дні. 7 верасня ён наведае з візітам Генерал-губернатара краіны, правядзе сустрэчу з прадстаўнікамі уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, а таксама наведае дзяцей, якія вучацца ў каталіцкай школе. Увечары ён звернецца да мясцовага духавенства і катэхетаў.
8 верасня Папа сустрэнецца з Прэм’ер-міністрам Папуа-Новай Гвінеі, які адведае яго ў нунцыятуры, пасля чаго узначаліць святую Імшу і малітву Анёл Панскі на сталічным стадыёне. У другой палове дня ён здзейсніць візіт у горад Ваніма, дзе сустрэнецца з мясцовымі вернікамі і групай місіянераў.
9 верасня, перад тым як пакінуць Папуа-Новую Гвінею, Пантыфік правядзе сустрэчу з моладдзю на стадыёне ў Порт-Морсбі. Затым Святы Айцец накіруецца ва Усходні Тымор – другую краіну Акіяніі, якую наведае ў рамках свайго апостальскага падарожжа.