Святы Айцец сустрэўся з місіянерамі ў Папуа-Новай Гвінеі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Сустрэча насіла прыватны характар і прайшла ў каталіцкай школе пры парафіі Святой Тройцы ў горадзе Баро, у 6 кіламетрах на захад ад Ванімы. Перад тым як паразмаўляць са святарамі Пантыфік паслухаў кароткі канцэрт у выкананні школьнага аркестра, прывітаў навучэнцаў і памаліўся разам з імі.
Школа пры парафіі Святой Тройцы належыць Таварыству Уцелаўлёнага Слова – кангрэгацыі, заснаванай у Аргенціне ў 1984 годзе ксяндзом Карласам Мігелем Буэлам. Большасць місіянераў, якія працуюць у ёй, з’яўляюцца суайчыннікамі Папы. Адзін з іх, айцец Марцін Прада – даўні сябар Францішка.
Таварыства вядзе шырокую евангелізацыйную дзейнасць на захадзе Папуа Новай Гвінеі з 1997 года. Школа ў Баро – адзін з яго праектаў. У ёй навучаюцца каля 500 дзяцей: у аддзяленні пачатковай адукацыі – каля 400, а сярэдняй – каля 100 вучняў. Установа мае гуманітарны профіль.
Усяго ў Папуа-Новай Гвінеі налічваецца больш за 3000 каталіцкіх школ. Яны маюць вельмі важнае значэнне для мясцовага грамадства, каля 40 працэнтаў якога застаецца непісьменным.
Пасля размовы з місіянерамі Францішак адправіўся ў аэрапорт Ванімы, адкуль выляціць у Порт-Морсбі. У мясцовай апостальскай нунцыятуры ён павячэрае і правядзе бліжэйшую ноч. 9 верасня Пантыфік правядзе сустрэчу з моладдзю Папуа-Новай Гвінеі і развітаецца з гэтай краінай. Наступным этапам яго падарожжа стане Усходні Тымор.