Вера, адукацыя і развіццё: ключавыя тэмы прамовы Папы ў Дзілі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У Кітайскай зале Прэзідэнцкага палаца сабраліся каля 400 чалавек, сярод якіх былі палітычныя і рэлігійныя дзеячы, дыпламаты, прадпрымальнікі, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і культурнай сферы.
Сустрэча пачалася з прамовы Прэзідэнта Усходняга Тымора Жазэ Рамуша-Орты, пасля чаго выступіў Папа. Францішак пачаў з прызнання ўнікальнага геаграфічнага і культурнага становішча Усходняга Тымора. Ён адзначыў, што на гэтай зямлі, дзе Азія сустракаецца з Акіяніяй, еўрапейскі ўплыў праз каталіцызм і партугальскую мову стварыў непаўторны сімбіёз культур.
З глыбокай павагай Святы Айцец узгадаў нядаўнюю гісторыю краіны, напоўненую барацьбой і пакутамі. Ён выказаў захапленне тым, як народ Усходняга Тымора здолеў захаваць веру і надзею ў самыя цяжкія часы. Асаблівую ўвагу Пантыфік надаў намаганням краіны па дасягненні прымірэння з Інданезіяй, падкрэсліўшы, што гэты прыклад можа натхніць іншыя народы, якія знаходзяцца ў канфлікце.
Францішак з цеплынёй адзначыў глыбокую каталіцкую традыцыю Усходняга Тымора, згадаўшы візіт свайго папярэдніка, Яна Паўла II, у 1989 годзе. Ён падкрэсліў, як вера дапамагла народу пераадолець цяжкасці і захаваць надзею на лепшую будучыню.
Пераходзячы да сучаснасці, Святы Айцец павіншаваў краіну з прыняццем Дэкларацыі аб чалавечым братэрстве ў якасці нацыянальнага дакумента. Ён заахвоціў уключыць яе ў школьныя праграмы, падкрэсліўшы важнасць міжрэлігійнага дыялогу і ўзаемаразумення.
Пантыфік не абмінуў увагай і выклікі, з якімі сутыкаецца Усходні Тымор. Ён закрануў праблемы эміграцыі, беднасці ў сельскай мясцовасці, злоўжывання алкаголем сярод моладзі. Францішак заклікаў улады і грамадства аб'яднаць намаганні для вырашэння гэтых праблем, падкрэсліўшы асаблівую важнасць інвеставання ў адукацыю маладога пакалення.
З аптымізмам гледзячы ў будучыню, Папа адзначыў вялікі патэнцыял Усходняга Тымора, звязаны з яго маладым насельніцтвам і багатымі прыроднымі рэсурсамі. Ён заклікаў да мудрага кіравання гэтымі рэсурсамі і падрыхтоўкі новага пакалення лідараў, здольных весці краіну да працвітання.
Завяршаючы прамову, Францішак выказаў упэўненасць у светлай будучыні Усходняга Тымора. Ён падкрэсліў важную ролю Каталіцкага Касцёла ў развіцці краіны і выказаў задавальненне пагадненнем паміж Святым Пасадам і Усходнім Тыморам, якое дзейнічае з 2016 года.
Папа даверыў Усходні Тымор і яго народ апецы Маці Божай Беззаганнага Зачацця, нябеснай заступніцы краіны, на шляху міру, дэмакратыі і развіцця.
Пасля прамовы адбыўся абмен падарункамі і афіцыйнае фатаграфаванне з прэзідэнтам, прэм'ер-міністрам, спікерам парламента і старшынёй вярхоўнага суда.
На заканчэнне візіту Францішак благаславіў каля тысячы супрацоўнікаў прэзідэнцкага палаца з сем'ямі, якія сабраліся ва ўнутраным двары. Пасля гэтага Пантыфік адправіўся ў апостальскую нунцыятуру, завяршыўшы такім чынам першы дзень свайго апостальскага візіту ва Усходні Тымор.