Пошук

Папа Францішак Папа Францішак  (ANSA)

Францішак – другі найстарэйшы Пантыфік у гісторыі

Францішак, народжаны 17 снежня 1936 года, адзначае важную дату ў сваім жыцці і ў гісторыі Каталіцкага Касцёла. Ён стаў другім найстарэйшым Пантыфікам сярод тых, чые даты жыцця дакладна вядомыя, дасягнуўшы ўзросту 32 082 дні.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Толькі Леў XIII (Вінчэнца Джаакіна Печы) пражыў даўжэй – 34 108 дзён, што складае 93 гады. Ён памёр 20 ліпеня 1903 года, пакінуўшы пасля сябе рэкорд, які дагэтуль не быў пабіты.

Цікава, што Хорхэ Марыа Берголіа абганяе свайго папярэдніка ў гэтым спісе, Клімента XII, усяго на адзін дзень. Ларэнца Карсіні, які нарадзіўся 7 красавіка 1652 года і памёр 6 лютага 1740 года, пражыў 32 081 дзень.

У параўнанні з больш сучаснымі Пантыфікамі, Францішак таксама паказвае выдатную працягласць жыцця. Бэнэдыкт XVI (Ёзэф Ратцынгер) пражыў 31 122 дні да моманту сваёй адмовы ад папскага служэння 28 лютага 2013 года. Ян Павел II, які памёр 2 красавіка 2005 года, пражыў 31 001 дзень, не дажыўшы некалькі тыдняў да свайго 85-годдзя.

Нягледзячы на ўзрост і звязаныя з ім выклікі, Францішак працягвае актыўна кіраваць Каталіцкім Касцёлам, уносячы значны ўклад у яго развіццё і рэформы.

Варта адзначыць, што ў гісторыі Каталіцкага Касцёла былі і іншыя выпадкі экстрэмальных узростаў Пантыфікаў. Напрыклад, самым маладым Папам быў Ян XII, які заняў пасаду ва ўзросце 18 гадоў у 955 годзе. З іншага боку, Агатон, які быў абраны ў чэрвені 678 года, лічыцца самым старым на момант абрання – па некаторых крыніцах, яму было больш за 100 гадоў.
 

17 кастрычніка 2024, 09:22