Пошук

Папа да педагогаў: выхоўвайце з любоўю і прапануйце высокія ідэалы

Глядзець на дзяцей і моладзь з даверам і спачуваннем, “поглядам і сэрцам Езуса”, бо яны – сучаснасць і будучыня свету і Касцёла, заклікаў Папа ўдзельнікаў кангрэса адукацыйнага руху італьянскай Каталіцкай акцыі (АКІ), якіх 31 кастрычніка 2024 года прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У сваёй прамове Папа падкрэсліў, што служэнне ў галіне адукацыі сёння, магчыма, яшчэ больш, чым у мінулым, патрабуе намаганняў як на чалавечым, так і на хрысціянскім узроўнях. Ён адзначыў, што сёння на фоне секулярызацыі і культурна-антрапалагічных змен у грамадстве адукацыйныя мэты і выклікі становяцца больш складанымі: мы ўсё яшчэ шукаем адказы на іх у святле слова Божага. “Разам з тым мы атрымліваем станоўчы вопыт, які даюць нам сем’і, школы, парафіяльныя супольнасці, асацыяцыі і сама педагогіка”, - адзначыў Папа. (ПОЎНЫ ТЭКСТ)

Сёння неабходна быць “выхавацелямі з вялікім сэрцам ... у лабірынтах складанасці”. Выйсце з гэтых лабірынтаў трэба шукаць усім разам, не ў адзіночку. “Дзеля дзяцей, моладзі і дарослых, якія жывуць побач з вамі, вы закліканы мець шырокае сэрца, (...) не баяцца прапаноўваць высокія ідэалы, не здавацца перад тварам цяжкасцяў”, - нагадаў Святы Айцец, заклікаючы педагогаў будаваць і ўмацоўваць плённыя адносіны з рознымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу: сем'ямі, настаўнікамі, сацыяльнымі работнікамі, спартыўнымі трэнерамі, катэхетамі, святарамі і кансэкраванымі асобамі, дзяржаўнымі ўстановамі і самой моладдзю.

Папа адзначыў, што ўдзельнікі Кангрэса зноў пацвердзілі жаданне ўкараняць у адукацыі падыход, які ставіць чалавека ў цэнтр, прызнаючы яго годнасць і каштоўнасць, каб ён “заўсёды і ў любым выпадку ўспрымаўся як мэта, а не як сродак”. Адукацыя павінна спрыяць “самапазнанню, культываваць унутранае, трансцэндэнтнае, духоўнае, як неад'емныя элементы інтэгральнага развіцця чалавечай асобы ва ўсіх яе вымярэннях: экзістэнцыяльным, духоўным, эмацыянальным, культурным, сацыяльным, палітычным”. “Менавіта гэты падыход павінен быць асновай вашага руху. Наперад!” - падбадзёрыў выхавацеляў Францішак.

Пантыфік нагадаў пра важнасць падтрымкі дзяцей, падлеткаў і моладзі, асабліва ў кантэксце будучага Юбілею, часу надзеі. Ён заклікаў настаўнікаў глядзець на моладзь з даверам і спачуваннем, “поглядам і сэрцам Езуса”, бо яна – сучаснасць і будучыня свету і Касцёла. Асноўная задача дарослых – суправаджаць моладзь, падтрымліваць, натхняць і паказваць шлях братэрства.

Францішак падкрэсліў, што сапраўднае выхаванне грунтуецца на любові. Некалькі гадоў таму Каталіцкая акцыя выдала кнігу пад загалоўкам Хто любіць, выхоўвае (Chi ama educa). Любоў павінна быць асновай і мэтай усяго адукацыйнага працэсу, бо без яе немагчыма выхаваць чалавека. “Заўсёды выхоўвайце з любоўю!” - заахвоціў гасцей Папа, давяраючы іх заступніцтву Слугі Божага Джузэпэ Лаццаці, настаўніка і сведкі, мадэлі хрысціянскага педагога, прыкладам якога можна натхняцца.

31 кастрычніка 2024, 11:01