Францішак: маліцца і дазволіць Святому Духу змяніць сэрца
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У зборніку ўтрымліваюцца разважанні Святога Айца аб малітве. Некаторыя з іх публікуюцца ўпершыню. 9 кастрычніка 2024 года ён з’явіцца ў кніжных крамах Італіі. Кніга была падрыхтавана ў выдавецтве San Paolo. За некалькі дзён да з’яўлення выдання на паліцах кнігарняў прадмову Святога Айца да яе апублікавала італьянскае Avvenire.
Францішак прызнаўся, што маліцца яго навучыла бабуля, ад якой ён таксама пераняў пабожнае стаўленне да святога Юзафа. Затым, у семінарыі і Таварыстве Езуса, ён паглыбляў свой малітоўны досвед з дапамогай сваіх духоўных кіраўнікоў.
Сярод іх Папа згадаў пра айца Мігель Анхеля Ф’ёрыта, аргенцінскага езуіта, выкладчыка філасофіі, а таксама “энтузіяста духоўнасці”. Ён навучыў Францішка “маліцца як сын і не шукаць цукерак суцяшэння”. Такі падыход да малітвы Пантыфік захоўвае да сённяшняга дня.
Малітва спадарожнічае Францішку ва ўсіх сітуацыях жыцця: добрых і не вельмі. Яму даводзіцца маліцца ўголас і перажываць цяжкія моманты перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. “Часам я думаю, што павінен маліцца больш. У мяне няма часу, але я павінен маліцца больш”, - напісаў ён.
Святы Айцец прызнаўся, што вельмі прывязаны да Літургіі гадзін, пра якую не забывае ніколі. Яму падабаецца таксама маліцца ў думках і практыкаваць медытатыўную малітву. “Калі ў мяне ёсць крыху больш часу я спрабую паразмаўляць з Панам, задаваць Яму нейкія пытанні, але баюся, што Ён адкажа”, - напісаў Папа.
Пантыфік асаблівым чынам адзначыў каштоўнасць малітвы Ойча наш, “у якой ёсць усё”. “Гэта ўніверсальная малітва, малітва дзяцей, малітва даверу, малітва адвагі, а таксама малітва пакоры. Гэта вялікая малітва”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Францішак расказаў, што заўсёды моліцца Ружанец, бо мае вялікі давер да Багародзіцы. “Мне падабаецца адчуваць яе блізка, таму што Яна Маці і вядзе нас”, - адзначыў ён. Папа згадаў пра легенду, згодна з якой Маці Божая збаўляе ўсіх, нават зладзеяў. Гісторыя кажа, што калі адзін з іх памірае Марыя знакамі з неба загадвае яму схавацца ад святога Пятра, які не ўпусціць яго на неба, а ноччу адкрывае для яго акно ў Рай. “Мне падабаецца гэта: Багародзіца, якая дазваляе ўвайсці праз акно, практычна кантрабандай”, - напісаў Святы Айцец, падкрэсліваючы, што перад заступніцтвам Марыі Езус не можа сказаць “не”: Яна мае “малітоўную ўсемагутнасць”.
Пантыфік патлумачыў, што завяршае свае публічныя прамовы просьбай аб малітве, бо патрабуе духоўнай падтрымкі супольнасці ў сваім служэнні Касцёлу. “Супольнасць павінна падтрымліваць свайго біскупа, а біскуп павінен маліцца за супольнасць”, - адзначыў ён.
“Малітва адкрывае сэрца на Пана, і калі Дух уваходзіць у яго, Ён змяняе ваша жыццё знутры. Вось чаму трэба маліцца, каб адкрыць сваё сэрца і пакінуць месца для Духа. Мы молімся Езусу, Айцу, Маці Божай, але не часта звяртаемся ў малітве да Духа Святога. А менавіта Святы Дух змяняе наша сэрца, уваходзіць у яго і змяняе яго. Айцец не намашчае нас, Сын не намашчае нас. Гэта Дух намашчае нас Сваёй прысутнасцю, і менавіта намашчэнне Святога Духа дапамагае добра зразумець рэальнасць Касцёла і таямніцу Бога”, - завяршыў прадмову Пантыфік.