Пошук

2021.06.13 Immagine Sacro Cuore di Gesu di Pompeo Batoni

Францішак напісаў энцыкліку аб Найсвяцейшым Сэрцы Езуса

24 кастрычніка 2024 года будзе апублікавана і прадстаўлена ў Ватыкане новая энцыкліка Папы Францішка. Яна будзе прысвечаны ўшанаванню Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Назва дакумента – Dilexit nos (з лацінскай мовы: Палюбіў нас). Яго падзагаловак – Энцыкліка пра чалавечую і боскую любоў Сэрца Езуса Хрыста.

Папскі дакумент быў падрыхтаваны ў кантэксце 350-годдзя з дня першага аб’яўлення Найсвяцейшага Сэрца Езуса маладой французскай манахіні Маргарыце Марыі Алакок, якое адзначалася 27 снежня 2023 года.

У прэзентацыі энцыклікі, якая пройдзе ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы і будзе трансліравацца анлайн ватыканскім СМІ, прымуць удзел арцыбіскуп Бруна Фортэ, пастыр архідыяцэзіі К'еці-Васта і вядомы італьянскі тэолаг, а таксама сястра Антанэла Фракара, настаяцельніца інстытута кансэкраванага жыцця Вучаніцы Евангелля.

Францішак абвясціў аб падрыхтоўцы энцыклікі, прысвечанай Найсвяйцешаму Сэрцу Езуса, яшчэ 5 чэрвеня 2024 года, падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў Ватыкане. Ён заявіў, што рыхтуе дакумент, які “аб’яднае ў сабе каштоўную рэфлексію папярэдніх тэкстаў касцёльнага вучэння і доўгую гісторыю, якая ўзыходзіць да тэкстаў Святога Пісання, каб сёння зноў прапанаваць усяму Касцёлу гэты прыгожы культ, поўны духоўнай прыгажосці”.

“Я думаю, што нам будзе вельмі карысна паразважаць над рознымі аспектамі любові Пана, якія могуць асвяціць шлях касцёльнага абнаўлення, а таксама сказаць нешта значнае свету, які, здаецца, згубіў сэрца”, - сказаў тады Святы Айцец.

Dilexit nos стане чацвёртай энцыклікай Францішка пасля энцыклікі Lumen fidei (2013), прысвечанай веры і напісанай разам з Бэнэдыктам XVI, Laudato si’ (2015), прысвечанай клопату пра экалогію, і Fratelli tutti (2020), прысвечанай братэрству і сацыяльнаму сяброўству.
 

21 кастрычніка 2024, 13:11