Пошук

Францішак: несці полымя Святога Духа – добрая мэта на Юбілей

Скінем попел прызвычаенасці і бяздзеяння, станем носьбітамі полымя Святога Духа, падобна факеланосцам на Алімпіядзе, - заклікаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 30 кастрычніка 2024 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Асвячальная дзейнасць Святога Духа дасягае нас у першую чаргу праз два каналы: Божае слова і сакрамэнты. І сярод усіх сакрамэнтаў ёсць адзін, які па вызначэнні з’яўляецца сакрамэнтам Святога Духа. На ім я хацеў бы спыніцца сёння. Гаворка ідзе пра бежмаванне, або канфірмацыю”, - сказаў Папа на пачатку сваёй катэхезы з цыклу, прысвечанага дзейнасці Святога Духа ў жыцці Касцёла.

Намашчэнне Святым Духам у Новым Запавеце

Пантыфік нагадаў, што ў Новым Запавеце, акрамя хросту вадой, знаходзяцца згадкі таксама пра іншы абрад – накладанне рук з мэтай перадачы Святога Духа бачным і харызматычным чынам, і з наступствамі, аналагічным тым, якія спазналі апосталы ў дзень Пяцідзясятніцы.

Папа заўважыў, што на гэту тэму ёсць важны ўрывак ў кнізе Дзеяў Апосталаў. У ім гаворыцца: “Калі ж Апосталы ў Ерузалеме пачулі, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна, якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб яны прынялі Духа Святога, таму што Ён яшчэ не сыходзіў ні на кога з іх, бо яны былі толькі ахрышчаныя ў імя Пана Езуса. Тады Апосталы ўскладалі на іх рукі, і яны атрымлівалі Духа Святога” (8, 14-17).

Пантыфік згадаў таксама пра словы святога Паўла: “Той, хто ўмацоўвае нас з вамі ў Хрысце і намасціў нас, ёсць Бог, які пазначыў нас і даў нашым сэрцам задатак Духа” (2 Кар 1, 21-22). Гэты ўрывак лёг у аснову вучэння пра “нязмыўную пячатку”, якую вернікі атрымліваюць праз канфірмацыю, - патлумачыў Святы Айцец.

Сакрамэнт росту і сведчання

Францішак расказаў, што з цягам часу абрад намашчэння стаў адным з сакрамэнтаў, прымаючы розныя формы і сэнс у розныя эпохі і ў розных абрадах. Гаворачы пра разуменне канфірмацыі ў Каталіцкім Касцёле, Папа спаслаўся на Катэхізіс для дарослых, падрыхтаваны Канферэнцыяй Біскупаў Італіі. У ім адзначаецца: “Канфірмацыя з’яўляецца для верніка тым, чым Пяцідзясятніца была для ўсяго Касцёла [...] Яна ўмацоўвае хроснае залучэнне ў Хрыста і Касцёл і пасвячэнне на прароцкую, каралеўскую і святарскую місію. Яна перадае багацце дароў Святога Духа. [...] У той час як хрост – гэта сакрамэнт нараджэння, то канфірмацыя – гэта сакрамэнт росту. Па гэтай прычыне яна з’яўляецца таксама “сакрамэнтам сведчання”, бо яно блізка звязана са сталасцю хрысціянскага жыцця”.

Бежмаванне павінна весці да актыўнага ўдзелу ў жыцці Касцёла

“Праблема заключаецца ў тым, як зрабіць, каб сакрамэнт бежмавання не стаў на практыцы “апошнім намашчэннем”, гэта значыць сакрамэнтам “развітання” з Касцёлам. Кажуць, што канфірмацыя, гэта “сакрамэнт развітання”, бо пасля яго атрымання моладзь вяртаецца толькі, каб прыняць сакрамэнт сужэнства”, - зазначыў Папа, заклікаючы зрабіць так, каб замест гэтага канфірмацыя стала сакрамэнтам “актыўнага ўдзелу ў жыцці Касцёла”.

У гэтым кантэксце Святы Айцец падкрэсліў, што ў падрыхтоўцы да прыняцця канфірмацыі можа дапамагчы сведчанне свецкіх вернікаў, якія “перажылі асабістую сустрэчу з Хрыстом і мелі сапраўдны досвед Святога Духа”, менавіта дзякуючы бежмаванню.

Несці полымя Святога Духа

Папа нагадаў, што “разам з канфірмацыяй і намашчэннем” мы атрымалі “задатак” Духа, які трэба задзейнічаць, не “закопваючы ў зямлю атрыманыя харызматы і таленты”.

Францішак спаслаўся на заклік “распальваць дар Божы”, які святы Павел скіраваў да Цімафея. Ён заўважыў, што гэты дзеяслоў нагадвае пра вобраз чалавека, які дзьме на вогнішча, каб павялічыць яго полымя. “Вось добрая мэта на Юбілейны год! Скінем попел прызвычаенасці і бяздзеяння, станем носьбітамі полымя Святога Духа, падобна факеланосцам на Алімпіядзе. Няхай Святы Дух дапаможа нам зрабіць некалькі крокаў у гэтым напрамку!”, - заклікаў напрыканцы катэхезы Пантыфік.
 

30 кастрычніка 2024, 10:51

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >