Пошук

Францішак: сямейны бізнес павінен грунтавацца на клопаце

Эканоміка павінна грунтавацца на клопаце пра прадпрыемства, сям'ю, агульны дом і будучыя пакаленні, - падкрэсліў 5 кастрычніка 2024 года Францішак на аўдыенцыі для прадстаўнікоў Італьянскай асацыяцыі сямейнага бізнесу.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У сваім звароце Пантыфік адзначыў унікальную прыроду сямейных прадпрыемстваў, якія спалучаюць у сабе сямейныя каштоўнасці і прадпрымальніцтва. "Касцёл – гэта сям'я Божая, яна спачувальна глядзіць на ўсё сямейнае," - сказаў Папа, падкрэсліўшы тонкі баланс паміж сям'ёй і працай, які выяўляецца ў мужнасці і адказнасці ў бізнесе. “Гэта добра, гэта канструктыўна, калі мужнасць і адказнасць ідуць разам”, - лічыць Святы Айцец.

На думку Папы, эканамічная дзейнасць павінна грунтавацца на клопаце – клопаце пра прадпрыемства, сям'ю, агульны дом і будучыя пакаленні. Францішак падкрэсліў значэнне лакальнай прысутнасці сямейных прадпрыемстваў. Як і місія Касцёла, дзейнасць сямейных прадпрыемстваў “караніцца ў тэрыторыі”, - сказаў ён, заклікаючы ўдзельнікаў сустрэчы "жыць лакальна з універсальным сэрцам" і распаўсюджваць сямейныя каштоўнасці па ўсім свеце.

Напрыканцы сустрэчы Папа заклікаў прысутных “рухацца наперад, адчуваючы сябе часткай вялікай касцёльнай сям'і і вялікай справы служэння Валадарству Божаму”, развіваць дыялог паміж пакаленнямі, верыць у пакліканне дзяцей, якім бы яно ні было, быць адкрытымі да супрацоўніцтва і смела развіваць таленты. “Успомнім прыпавесць пра таланты. Нічога з таго, што нам даверана, не павінна быць закапана ў зямлю”, - нагадаў Францішак, благаслаўляючы прадпрымальнікаў і іх дзейнасць.

05 кастрычніка 2024, 13:05