Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: тэалогія павінна быць укаранёнай у жыццё людзей

16 кастрычніка 2024 года Францішак скіраваў відэапасланне да выкладчыкаў і студэнтаў Папскага сіцылійскага тэалагічнага факультэта, прымеркаваўшы яго да адкрыцця новага навучальнага года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік нагадаў, што факультэт пакліканы быць укаранёным у жыццё Міжземнамор’я і ўважлівым да выклікаў рэгіёна, у тым ліку ў сферы экуменічнага і міжрэлійнага дыялогу, абароны чалавечай годнасці, захавання народнай пабожнасці і дапамогі ахвярам мафіі.

Папа перакананы, што тэалогія ў Міжземнамор’і паклікана “плесці сеткі збаўлення” і станавіцца выразам міласэрнай любові, даючы сведчанне пра пяшчоту Бога і вяртаючы людзям надзею.

Тэалогія можа патрабаваць прынясенне сябе ў дар праз мучаніцтва, - нагадаў Пантыфік, прыводзячы ў прыклад мужных людзей веры, святароў і вернікаў, якія сталі на Сіцыліі ахвярамі арганізаванай злачыннасці. На думку Папы, у Міжземнаморскім рэгіёне тэалогія павінна таксама спрыяць прасоўванню справядлівасці, пераадоленню няроўнасці і абароне нявінных, каб “заўсёды ззяла Евангелле жыцця, а зло не прымалася ва ўсіх яго формах”. Ён заахвоціў развіваць “тэалагічныя і сацыяльныя даследаванні аб прабачэнні” і спрыяць “рэвалюцыі правасуддзя”.

“Дарагія браты і сёстры, Міжземнамор’е мае патрэбу ў жывой тэалогіі, якія будзе глыбока развіваць сваё кантэкстуальнае вымярэнне, становячыся заклікам да ўсіх. Развівайце гэту тэалогію, злучаную з гісторыяй, па прыкладзе Бога, які ў целе Сына злучыўся з нашымі слязамі і нашымі спадзяваннямі. Прасоўвайце тэалогію, якая з вышыні крыжа і на каленях перад бліжнім, выкарыстоўвае пакорныя, простыя і радыкальныя словы, каб дапамагчы ўсім наблізіцца да спагады; і словы, якія навучаць вязаць сеткі збаўлення і любові, каб стварыць новую гісторыю, укаранёную ў гісторыю народа”, - заахвоціў тэолагаў Святы Айцец.
 

16 кастрычніка 2024, 16:00