Пошук

Каляска для Францішка – падарунак з Камбоджы

Францішак атрымаў незвычайны падарунак ад камбаджыйцаў. 23 кастрычніка 2024 года яму ўручылі інвалідную каляску, вырабленую ахвярамі вайны і людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Вазок перадаў Папу адзін з удзельнікаў Сінода Біскупаў – ксёндз Энрыке Фігарэда, іспанскі езуіт і прэфект апостальскай прэфектуры Батамбанг у Камбоджы. Ён працуе ў краіне ўжо амаль 35 гадоў. Каляска была выраблена інвалідамі вайны, якія пацярпелі ад выбухаў і страцілі магчымасць самастойнага перамяшчэння. Падарунак мае глыбокі сэнс, бо такія інвалідныя вазкі дапамагаюць камбаджыйцам выйсці з сацыяльнай ізаляцыі, вярнуць сабе не толькі фізічную свабоду, але і чалавечую годнасць.

Каляска, якая атрымала назву Меконг, была выраблена ўручную ў спецыяльнай майстэрні, адчыненай езуітамі ў 1994 годзе непадалёк ад Пнампеня. У ёй праходзіць навучанне больш за 200 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі. Многія з іх сталі інвалідамі ў выніку выбухаў касетных бомб і мін ці з-за адсутнасці вакцын. Сацыяльны праект стаў крыніцай выратавання для гэтых людзей. Ён не толькі дае ім прафесійныя навыкі, але і дазваляе зноў стаць часткай грамадства, самастойна забяспечваць сябе і жыць паўнавартасным жыццём.

Створаныя ў гэтай майстэрні каляскі распрацаваны з улікам асаблівасцяў камбаджыйскага жыцця: яны лёгкія, трывалыя і прыстасаваныя для перамяшчэння па неасфальтаваных дарогах у вясковай мясцовасці. Удзельнікі праекта вырабляюць каля ста такіх калясак у месяц. Ахвяры вайны ў гэтай краіне ўжо атрымалі каля 1400 вазкоў.

Францішак здзівіўся і ўзрадаваўся, убачыўшы гэтую незвычайную каляску ў Ватыкане. На спінцы крэсла змешчаны яго герб, па баках – два малюнкі галубоў, якія сімвалізуюць мір і надзею. Ксёндз Фігарэда, актыўны ўдзельнік міжнароднай кампаніі па забароне наземных мін, назваў каляску “сімвалам салідарнасці” і "сакрамэнтам жыцця", здольным змяняць лёсы людзей, асабліва тых, хто апынуўся на ўзбочыне грамадства. “Мы спадзяёмся, што яна дасць Папу сілу і пазітыўную энергію, каб рухацца наперад”, - сказаў ён.

Ксёндз Энрыке Фігарэда
Ксёндз Энрыке Фігарэда
24 кастрычніка 2024, 13:20