Пошук

Папа Францішак і айцец Густава Гуцьерас Папа Францішак і айцец Густава Гуцьерас 

Францішак: айцец Гуцьерас быў вялікім чалавекам Касцёла

Францішак ушанаваў памяць айца Густава Гуцьераса, заснавальніка тэалогіі вызвалення. У відэапасланні, якое трансліравалася падчас пахавання ў Ліме, ён назваў Гуцьераса "вялікім чалавекам Касцёла".

Марыя Валодзіна - Vatican News

"Сёння я думаю пра Густава. Густава Гуцьераса. Вялікага чалавека. Чалавека Касцёла", - сказаў Папа ў відэазвароце, які 24 кастрычніка 2024 года паказалі на пахавальнай Імшы ў Ліме (Перу).

Айцец Густава Гуцьерас – дамініканскі святар і тэолаг, вядомы як заснавальнік тэалогіі вызвалення. Гэты кірунак тэалагічнай думкі надае асаблівую ўвагу служэнню бедным і сацыяльнай справядлівасці. Пасля дэталёвага разгляду Кангрэгацыяй веравучэння пад кіраўніцтвам тагачаснага кардынала Ёзэфа Ратцынгера (пазней Бэнэдыкта XVI) погляды Гуцьераса былі прызнаныя пазбаўленымі дактрынальных памылак.

У сваім пасланні Францішак адзначыў мудрасць і цярплівасць айца Гуцьераса, які ўмеў "захоўваць маўчанне, калі трэба было маўчаць, і пакутаваць, калі трэба было пакутаваць". Ён таксама падкрэсліў багацце тэалагічнай спадчыны і плённасць апостальскай дзейнасці святара.

У 2014 годзе Папа напісаў прадмову да кнігі Бедныя для бедных. Місія Касцёла, адным з аўтараў якой быў айцец Гуцьерас.

У чэрвені 2015 года дамініканін даў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, у якім падкрэсліў, што прыярытэтная ўвага Касцёла да бедных – гэта не апантанасць, а прызнанне таго факту, што беднасць "знішчае людзей і сем'і". "Беднасць – гэта смерць, у канчатковым выніку. Сёння Касцёл разумее гэта лепш, чым у мінулым", - сказаў ён.

26 кастрычніка 2024, 11:19