Пошук

Пантыфік пра ватыканскую жандармерыю: ахоўваюць нас, як анёлы

Быць адлюстраваннем Божай пяшчоты ў сваёй штодзённай службе заклікаў Папа членаў корпуса Ватыканскай жандармерыі падчас святой Імшы, якую цэлебраваў вечарам 5 кастрычніка 2024 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Урачыстая Эўхарыстыя прайшла ў базіліцы святога Пятра з нагоды свята апекуна Ватыканскай жандармерыі святога Арханёла Міхала, якое адзначалася ў Касцёле 29 верасня.

Па слядах святога Арханёла Міхала

У сваёй гаміліі Пантыфік падкрэсліў важнасць місіі ватыканскіх жандараў. "У кожнага з нас ёсць анёл, які ніколі не пакідае нас у адзіноце і дапамагае нам не збіцца з шляху. Менавіта ў гэтым заключаецца роля анёлаў. І вы таксама як анёлы, якія ахоўваюць і служаць, па прыкладу святога Арханёла Міхала”, - сказаў Францішак.

Памочнікі ў барацьбе дабра са злом

Нагадаўшы пра няпростую барацьбу дабра і зла, Папа заклікаў памятаць, што "гэта змаганне адбываецца ў нашых сэрцах, у нашых сем’ях, у нашым народзе і нашым Касцёле". Без гэтага змагання, мы будзем пераможаныя, - папярэдзіў ён. "Д'ябал заўсёды спрабуе знішчыць чалавека, ён прыкідваецца, быццам рэчы добрыя, але насамрэч імкнецца да знішчэння. На шчасце, у нас ёсць упэўненасць, што мы не самотныя ў гэтай барацьбе, таму што Пан даручыў арханёлам задачу абараняць чалавека. І анёлы нас аберагаюць”, - нагадаў Францішак, адзначыўшы, што ватыканскія жандары граюць важную ролю ў гэтай абароне.

Праяўляць пяшчоту

Па словах Папы, жандармерыя выконвае "каштоўную працу", якая ідзе на карысць Касцёла. Яны адказваюць за прыём пілігрымаў у Ватыкане і ў экстарэтарыяльных зонах, і вельмі часта з’яўляюцца “першымі і часам адзінымі” прадстаўнікамі Святога Пасада, з якімі сустракаюцца наведвальнікі. "Таму я прашу Бога, каб Ён заўсёды дараваў вам ласку быць адлюстраваннем яго пяшчоты”, - сказаў Святы Айцец.

Удзячнасць сем'ям

Францішак не забыўся і пра сем’і жандараў і пажарных, падкрэсліўшы, што іх праца немагчымая без "цярпення і разумення" блізкіх. Ён папрасіў прабачэння “за ўсе тыя гадзіны, калі мужоў, бацькоў, сыноў або братоў няма дома, таму што яны на службе”. Папа сказаў, што разумее іх цяжкасці і даручае ахову іх сем'яў Маці Божай, Каралеве Сямей, і святому Арханёлу Міхалу, каб яны абаранялі адзінства ў сем’ях.

Папа заклікаў заўсёды імкнуцца да адзінства, бо "адзінства вышэй за канфлікт" і пажадаў жандарам мудрасці, цярпення і пачуцця гумару.

06 кастрычніка 2024, 11:40