Пантыфік прыняў дэлегацыю Дома абрамічнай сям’і
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Дом абрамічнай сям’і быў створаны ў святле Дакумента аб братэрстве паміж людзьмі дзеля міру ў свеце і агульным суіснаванні, падпісанага ў Абу-Дабі 4 лютага 2019 года Папа Францішкам і Вялікім імамам Аль-Азхар, шэйхам Ахмедам Эль Таебам.
Тэмай ватыканскай сустрэчы, якая адбылася 28 кастрычніка 2024 года, было развіццё супольных намаганняў, накіраваных на развіццё “культуры братэрства, дыялогу і ўзаемаразумення ў крызісныя часы”, гаворыцца ў заяве арганізацыі, абнародаванай пасля аўдыенцыі.
Удзельнікі дэлегацыі, на чале з Мухамедам Халіфам Аль Мубаракам, дырэктарам Дома абрамічнай сям’і, якая ўключала таксама прадстаўнікоў Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу, сімвалічна прэзентавалі Папу касцёл святога Францішка Асізскага, які размяшчаецца ў міжрэлігійным комплексе, падкрэсліваючы “ўдзел Каталіцкага Касцёла ў справе спрыяння міру паміж рознымі веравызнаннямі і іх мірнаму суіснаванню ва ўсім свеце”.
Пантыфік падзякаваў дэлегацыі за намаганні па рэалізацыі прагненняў Дакумента аб братэрстве паміж людзьмі, якімі з’яўляюцца глабальны мір і агульнае суіснаванне.