Пошук

Наступствы ізраільскага абстрэлу сектара Газа Наступствы ізраільскага абстрэлу сектара Газа  (AFP or licensors)

Пантыфік заклікаў выконваць гуманітарнае права

У сваім нядзельным звароце да вернікаў пасля малітвы Анёл Панскі Францішак заклікаў маліцца за Сінод Біскупаў, захоўваць жыццё і годнасць людзей падчас узброеных канфліктаў, а таксама нагадаў пра шэраг падзей у жыцці Касцёла і свету.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Святы Айцец заклікаў вернікаў маліцца аб тым, каб вынікі Сінода Біскупаў па сінадальнасці паслужылі на карысць Касцёла.

Ён нагадаў пра дзве значныя гадавіны. 22 кастрычніка 2024 года адзначалася 50-годдзе стварэння Камісіі па рэлігійных адносінах з юдаізмам, заснаванай святым Паўлам VI, а 28 кастрычніка будзе адзначацца 60-годдзе дэкларацыі Nostra aetate Другога Ватыканскага Сабора. У кантэксце цяперашніх напружання і пакут Папа заахвоціў працаваць дзеля дыялогу і міру на мясцовым узроўні.

Напярэдадні адкрыцця Міжнароднай канферэнцыі Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца ў Жэневе, прымеркаванай да 75-годдзя Жэнеўскіх канвенцый, Пантыфік падкрэсліў важнасць захавання міжнароднага гуманітарнага права. “Няхай гэтая падзея абудзіць сумленні, каб падчас узброеных канфліктаў захоўваліся жыццё і годнасць людзей і народаў, а таксама цэласнасць грамадзянскіх структур і месцаў культу, у адпаведнасці з міжнародным гуманітарным правам. Сумна бачыць, як падчас вайны разбураюцца шпіталі і школы”, - сказаў ён.

Папа нагадаў пра канфлікты ва Украіне, Палесціне, Ізраілі, Ліване. Ён заклікаў пакласці канец эскалацыі і паставіць на першае месца павагу да чалавечага жыцця. “Кожны дзень мы бачым ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва. Занадта шмат нявінных ахвяр! Кожны дзень мы бачым фатаграфіі забітых дзяцей! Занадта шмат дзяцей! Молімся за мір”, - заклікаў Францішак.

Святы Айцец выказаў блізкасць да Касцёла ў Сан-Крыстабаль-дэ-лас-Касас (Мексіка), які аплаквае смерць ксяндза Марсэла Перэса, забітага 20 кастрычніка 2024 года. "Ён быў адданым служыцелем Евангелля і Божага народа. Няхай яго ахвяра, як і ахвяра іншых святароў, забітых за вернасць служэнню, стане насеннем міру і хрысціянскага жыцця”, - сказаў Папа.

Напрыканцы звароту Пантыфік выказаў блізкасць да насельніцтва Філіпін, якое пацярпела ад моцнага цыклону, просячы Пана падтрымаць гэты поўны веры народ.

27 кастрычніка 2024, 13:32