Пошук

Папа: Дух Святы робіць Касцёл экспансіўным і з’яднаным

Прасіць Духа Святога, каб дапамог нам быць прыладамі адзінства і міру, - заклікаў Пантыфік падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 9 кастрычніка 2024 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа працягнуў цыкл катэхез пра ролю Духа Святога ў жыцці Касцёла. Спаслаўшыся на аповед пра Пяцідзясятніцу, змешчаны ў кнізе Дзеяў Апосталаў, ён заўважыў, што гэты тэкст пачынаецца з апісання некаторых падрыхтоўчых знакаў – шумнага ветру і вогненных языкоў, – але завяршаецца словамі: “Усе напоўніліся Духам Святым” (Дз 2,4).

Святы Лука, аўтар Дзеяў Апосталаў, падкрэслівае, што Дух Святы – гэта Той, Хто забяспечвае паўсюднасць і адзінства Касцёла, а непасрэдным наступствам “напоўненасці Духам Святым” стала тое, што апосталы “пачалі гаварыць на іншых мовах” і выйшлі з Вячэрніку, каб абвяшчаць Езуса Хрыста перад людзьмі.

“Такім чынам Лука хацеў падкрэсліць паўсюдную місію Касцёла, як знака новага адзінства паміж усімі народамі”, - сказаў Папа. Ён дадаў, што з аднаго боку Дух Святы скіроўвае Касцёл пашырацца ў паўсюднасці, прымаючы ўсё больш людзей і народаў, а з іншага – ўмацоўвае адзінства паміж яго членамі.

Дух Святы дае экспансіўны імпульс Касцёлу

Францішак адзначыў, што імкненне ранняга Касцёла да паўсюднасці бачна ў аповедзе пра навяртанне язычніка Карнэлія. “У дзень Пяцідзясятніцы апосталы абвяшчалі Хрыста ўсім юдэям і тым, хто прытрымліваўся Закону Майсея, да якога б народу яны не належалі, але спатрэбілася яшчэ адна “Пяцідзясятніца”, вельмі падобная да першай, якая адбылася ў доме сотніка Карнэлія, каб прымусіць апосталаў пашырыць гарызонт і разбурыць апошнюю перашкоду, бар’ер паміж юдэямі і язычнікамі”, - сказаў ён.

Пантыфік заўважыў таксама, што дзякуючы Духу Святому да “этнічнай экспансіі” Касцёла дадалася геаграфічная: апостал Павел хацеў абвяшчаць Евангелле ў Малой Азіі, але Дух перашкодзіў яму і скіраваў у Македонію. Такім чынам “Евангелле выйшла з роднай Азіі і ўвайшло ў Еўропу”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Дух Святы стварае адзінства ў Касцёле

Другі аспект, на якім засяродзіў увагу Папа, тычыўся ролі Духа Святога ў стварэнні адзінства ў Касцёле. Ён заўважыў, што Дух не заўсёды стварае адзінства праз “надзвычайныя і рашучыя ўмяшанні, як падчас Пяцідзясятніцы”, але ў большасці выпадкаў робіць гэта праз “непрыкметную працу, з павагай да часу і чалавечых адметнасцяў”, праз “людзей і структуры, малітву і дыялог: можна сказаць сінадальным чынам”.

Пантыфік працытаваў святога Аўгусціна, які пісаў: “Тым, чым душа з’яўляецца для цела, Дух Святы з’яўляецца для цела Хрыста, якім ёсць Касцёл”. “Гэты вобраз дапамагае нам зразумець вельмі важную рэч: Дух Святы стварае адзінства Касцёла не звонку; не абмяжоўваецца загадам быць з’яднанымі. Ён сам з’яўляецца “повяззю адзінства”. Гэта Ён стварае адзінства ў Касцёле”, - сказаў Папа.

Адзінства дасягаецца, калі ставім у цэнтр Бога

Францішак заўважыў таксама, што адзінства Касцёла, гэта адзінства паміж людзьмі, і дасягаецца яно не за сталом перамоў, а ў жыцці. “Мы ўсе хочам адзінства, усе прагнем яго ў глыбіні сэрца, але яго настолькі цяжка здабыць, што нават у сужэнстве і сям’і, адзінства і згода – гэта тое, чаго дасягнуць найбольш складана, а яшчэ складаней захоўваць”, - адзначыў Святы Айцец.

Папа патлумачыў, што прычына гэтага заключаецца ў жаданні ўсіх людзей, каб адзінства будавалася вакол іх пункту гледжання, але гэта не лучыць, а аддаляе. “Пяцідзясятнічнае адзінства, паводле Духа, рэалізуецца, калі намагаемся паставіць у цэнтр Бога, а не саміх сябе. Таксама і адзінства паміж хрысціянамі будуецца такім чынам: не чакаючы пакуль іншыя дасягнуць нас там, дзе знаходзімся, але разам рухаючыся да Хрыста”, - сказаў на заканчэнне катэхезы Пантыфік, заклікаючы прасіць “Святога Духа, каб дапамог нам быць прыладамі адзінства і міру”.
 

09 кастрычніка 2024, 09:46