Папа хірургам: імкнуцца да гуманнай медыцыны
Марыя Валодзіна - Vatican News
У сваёй прамове Папа падкрэсліў важнасць працы хірургаў, якія клапоцяцца пра тых, хто пакутуе, гарантуючы высокі ўзровень прафесіяналізму і захоўваючы пры гэтым чалавечнасць. “Гэты падыход асабліва важны, бо пацыенты — не проста набор тканак і органаў, але цэласныя і ўнікальныя асобы”, - зазначыў Святы Айцец. (ПОЎНЫ ТЭКСТ)
Сучасная медыцына часта канцэнтруецца на фізічным аспекце цела чалавека, аддаляючыся ад комплекснага ўспрымання асобы пацыента. “Але ж навука павінна быць для чалавека, а не наадварот!” - нагадаў Пантыфік, заклікаючы гасцей імкнуцца да гуманнай медыцыны.
Францішак падкрэсліў, што "ніводная тэхналогія не можа замяніць рукі хірурга". Працуючы з целам чалавека, важна памятаць, што ён створаны па вобразу Божаму. “Важна рабіць гэта з той жа дбайнасцю і павагай, з якой вы б хацелі, каб абышліся з вамі”, - заахвоціў медыкаў Папа.
Святы Айцец заклікаў удзельнікаў кангрэса развіваць хірургію на падставе культуры ахвяравання і служэння іншым, асабліва бедным і маргіналізаваным, быць абаронцамі жыцця і заўсёды імкнуцца дапамагаць кожнаму пацыенту адчуць сябе важным і патрэбным. Папа прапанаваў хірургам натхняцца ў сваёй працы прыкладам Езуса, які лечыць душы і целы. Ён валодае якасцямі, неабходнымі ў прафесіі хірурга: “клапоціцца, спачувае і лечыць без спешкі і абыякавасці”.
Францішак падзякаваў хірургам за іх адданасць і самаахвяраванне, і заклікаў Панну Марыю заўсёды падтрымліваць іх у працы і даследаваннях.