Папа: Кустодыя Святой Зямлі выконвае місію міру і дыялогу
Марыя Валодзіна - Vatican News
У прадмове Францішка гаворыцца, што “першая задача, якую Бог даручыў чалавеку пры стварэнні – захоўваць”. У Святой Зямлі, зямлі Езуса, існуе Кустодыя, якая дзейнічае стагоддзямі. Яе кіраўніку – кустоду – даручаны нялёгкія абавязкі: кіраваць святынямі, якія штогод прымаюць больш за паўмільёна пілігрымаў, і каардынаваць дзейнасць шматлікіх братоў-францішканаў у васьмі краінах свету (Ізраіль, Палесціна, Іарданія, Сірыя, Ліван, Егіпет, Кіпр і Родас). Адметнай рысай Кустодыі з'яўляецца яе інтэрнацыянальнасць. Яна ўяўляе сабой мікракосм, які гарманічна спалучае культуры і традыцыі розных народаў, і можа стаць “лабараторным эксперыментам таго, што чакае заходнія Цэрквы ў будучыні, у выніку масавай міграцыі”, - напісаў Святы Айцец.
Акрамя манаскай працы ў святынях, францішкане вядуць актыўную душпастырскую дзейнасць. Напрыклад, чатыры найбуйнейшыя парафіі Іерусалімскага Патрыярхату – Назарэт, Віфлеем, Яфа і Іерусалім – знаходзяцца ў падпарадкаванні Кустодыі. Браты кіруюць таксама 16 школамі, “вельмі важнымі для фарміравання культуры міру і ўзаемаразумення паміж рознымі этнічнымі групамі і рэлігіямі”. Экуменічны і міжрэлігійны дыялог, які ў Святой Зямлі “выходзіць за рамкі тэалагічных спрэчак, каб хутчэй увайсці ў паўсядзённае жыццё, патрабуе ад людзей вялікай адкрытасці, ветлівасці і далікатнасці”. Да таго ж, важна захоўваць статус-кво, які рэгулюе прысутнасць розных канфесій у святых месцах. Але самым цяжкім выпрабаваннем для Святой Зямлі з'яўляецца трагічны канфлікт, які доўжыцца ўжо 76 гадоў, - адзначыў Папа.
У гэтых умовах цяжар адказнасці і вялікай працы кладзецца на плечы францішканаў і іх кіраўніка. Гэтая адказная місія стала для айца Франчэска Патона даволі раптоўнай і нечаканай, але ён здолеў эфектыўна яе выканаць. “За гэта мы можам быць яму ўдзячныя, таму што, як кажуць, Іерусалім нічый, ён належыць усім”, - нагадаў Пантыфік.
Айцец Патон выконваў гэтыя складаныя задачы з цярпеннем і сціпласцю, але таксама рашуча і цвёрда, калі драматычныя падзеі Святой Зямлі патрабавалі гэтага. Сярод выпрабаванняў – цяжкія гады пандэміі і страшная вайна, адна з найгоршых за ўвесь час канфлікту на Блізкім Усходзе, на думку Патрыярха Іерусалімскага, кардынала П'ербацісты Піцабалы. Сярод шматлікіх гуманітарных ініцыятыў Кустодыі Францішак асабліва вылучыў перавозку на лячэнне ў Італію 150 параненых і хворых дзяцей з Газы.
Кніга, якая стала вынікам супрацоўніцтва дзвюх касцёльных структур, Кустодыі Святой Зямлі і L'Osservatore Romano, дазволіць глыбей пазнаёміцца з айцом Патонам, - напісаў Папа, пажадаўшы міру Святой Зямлі і ўсім, хто яе захоўвае.