Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа напісаў аўтабіяграфію: аповед пра жыццё і сведчанне веры

З нагоды Юбілею 2025 года пабачыць свет першая аўтабіяграфія, напісаная калі-небудзь Пантыфікам. 14 студзеня 2025 года ў 80 краінах выйдзе кніга Францішка “Спадзявайся” (Spera), у якой ён сам распавядзе пра сваё жыццё, даючы сведчанне веры і надзеі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Навіна была абвешчана на 76-м Міжнародным кніжным кірмашы, які праходзіць у Франкфурце-на-Майне ў Германіі.

Святы Айцец пачаў працу над аўтабіяграфіяй у 2019 годзе. “Кніга майго жыцця – гэта аповед пра шлях надзеі, якія я не магу ўявіць асобна ад шляху маёй сям’і, майго народу і ўсяго Божага люду”, - прыводзяцца словы Францішка ў паведамленні, якое абвяшчае выйсце кнігі.

На старонках аўтабіяграфіі Пантыфік расказвае пра свае італьянскія карані, эміграцыю яго сям’і ў Лацінскую Амерыку, дзяцінства, маладосць, пакліканне і служэнне на пасадзе Біскупа Рыма. У тэксце, узбагачаным фотаздымкамі з асабістага альбому Папы, знойдзецца месца і для разважання над ключавымі пытаннямі сучаснасці.

Першапачатковая ідэя Францішка заключалася ў тым, што кніга будзе выдадзена пасля яго смерці, але Юбілей 2025 года і асаблівая гістарычная сітуацыя падштурхнулі змяніць планы і зрабіць гэты тэкст публічным ужо зараз.

Кніга будзе перакладзена на найбольш распаўсюджаныя мовы свету. Яна выйдзе ў буйных выдавецтвах: Random House у ЗША, Viking у Вялікабрытаніі, Albin Michel у Францыі, Companhia das Letras у Бразіліі, Kösel-Verlag у Германіі, Mondadori у Італіі.
 

17 кастрычніка 2024, 12:38