Пантыфік: ісці шляхам адзінства дзеля любові да Хрыста і людзей
Аляксандр Панчанка - Vаtican News
Малітоўнае чуванне адбылося ў кантэксце XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў і літургічнага ўспаміну святога Яна ХХІІІ – Папы, які склікаў Другі Ватыканскі Сабор. У ім бралі ўдзел не толькі каталіцкія іерархі, святары, кансэкраваныя асобы і вернікі, але таксама братэрскія дэлегаты іншых хрысціянскіх канфесій, якія былі запрошаны на Сінод. Сустрэча была арганізавана ў супрацоўніцтве з экуменічнай Супольнасцю Тэзэ.
Блізкія да Хрыста, мы становімся блізкімі паміж сабой
Францішак не прамовіў загадзя падрыхтаваную прамову, але ўдзельнікам малітвы быў уручаны яе тэкст. У ім Папа заўважыў, што Плошча Рымскіх Першамучанікаў, дзе прайшло чуванне, нагадвае пра вернікаў, на крыві якіх была пабудавана не толькі ватыканская базіліка, але ўвесь Касцёл. Ён пажадаў, каб мучанікі ўмацавалі ўпэўненасць усіх хрысціян у тым, што становячыся бліжэй да Хрыста, мы становімся бліжэй адзін да аднаго.
Урокі Сінода для экуменізму
Папа нагадаў, што “адзінства хрысціян і сінадальнасць – злучаны паміж сабой”: у абодвух працэсах гаворка ідзе не столькі пра “будаванне нечага, колькі пра тое, каб прыняць і дапамагчы прынесці плён таму, што мы ўжо атрымалі”.
Пантыфік звярнуў увагу на некалькі аспектаў, якія робяць падобным сінадальны і экуменічны шлях. У першую чаргу ён заўважыў, што адзінства – гэта ласка і непрадказальны дар Святога Духа. “І як мы не ведаем наперад, якім будзе вынік Сінода, так мы не ведаем дакладна, якой будзе еднасць, да якой мы пакліканы”, - адзначыў ён.
Другі ўрок сінадальнага працэса, заключаецца ў тым, што адзінства – гэта шлях: яно саспявае ў руху паводле Духа, а ўмацоўваецца праз узаемнае служэнне, дыялог, супрацоўніцтва паміж усімі хрысціянамі, якое больш выразна паказвае аблічча служачага людзям Хрыста.
Святы Айцец заўважыў, што Сінод дапамагае нам адкрыць прыгажосць Касцёла ў разнастайнасці яго абліччаў, паказваючы, што адзінства – гэта гармонія, а не ўніфікацыя, плён кампрамісаў ці дасягнення раўнавагі.
Пантыфік падкрэсліў, што “адзінства хрысціян – гэта гармонія у разнастайнасці харызматаў, створаных Духам для ўмацавання ўсіх хрысціян”. “Нам трэба прайсці шлях адзінства дзеля нашай любові да Хрыста і ўсіх людзей, якім пакліканы служыць”, - дадаў Папа, заклікаючы “не спыняцца перад цяжкасцямі на гэтым шляху”.
Сінадальнасць і экуменізм неабходны для сведчання
Святы Айцец нагадаў таксама, што як сінадальнасць, так і адзінства паміж хрысціянамі, неабходны для іх сведчання і рэалізацыі місіі. “Экуменічны рух узнік ад жадання сведчыць разам з іншымі, а не на адлегласці ад іншых, ці, што яшчэ горш – супраць іншых. У гэтым месцы першамучанікі нагадваюць нам, што сёння, у многіх частках свету, хрысціяне розных традыцый разам аддаюць жыццё за веру ў Езуса Хрыста, перажываючы экуменізм крыві. Іх сведчанне мацнейшае за ўсякія словы, бо адзінства паходзіць ад Крыжа Пана”, - дадаў Папа.
Свету патрэбна наша вернасць агульнай місіі
“Перш чым распачаць гэту Асамблею, мы правялі пакаяннае набажэнства. Сёння мы выражаем сорам за скандал падзелу паміж хрысціянамі, за скандал таго, што не сведчым разам пра Пана Езуса”, - напісаў Пантыфік, заклікаючы хрысціян засяродзіцца на тым, што іх аб’ядноўвае. “Свет патрабуе нашага супольнага сведчання, свету патрэбна, каб мы былі вернымі нашай агульнай місіі”, - падкрэсліў Папа.