Пошук

Андрэа Рыкардзі з Францішкам Андрэа Рыкардзі з Францішкам  (Vatican Media)

Францішак: рэлігіі павінны аб'яднацца дзеля міру

Папа заклікаў да смеласці ў міжрэлігійным дыялогу дзеля дасягнення міру, падкрэсліваючы важнасць малітвы і супрацоўніцтва паміж вернікамі розных канфесій.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак напісаў прадмову да новай кнігі Андрэа Рыкардзі Словы міру (Le Parole della pace). Ён падкрэсліў неабходнасць працягваць шлях міжрэлігійнага дыялогу, пачаты ў 1986 годзе ў Асізі па ініцыятыве святога Яна Паўла II.

“Дыялог і малітва растуць або слабнуць разам. Адносіны чалавека з Богам – гэта школа і ежа для дыялогу з людзьмі”

Пантыфік нагадаў пра гістарычную сустрэчу ў Асізі, якая здзівіла свет сваёй навізной і смеласцю. Ён падкрэсліў, што падзея не магла і не павінна была застацца адзінкавай. На працягу гадоў "дух Асізі" працягваў жыць праз штогадовыя сустрэчы, якія збіралі прадстаўнікоў розных рэлігій і свецкіх гуманістаў.

“Свет задыхаецца без дыялогу”

Францішак звярнуў увагу на важнасць дыялогу ў сучасным свеце, асабліва ва ўмовах шматлікіх канфліктаў і пагроз вайны. Ён падкрэсліў што рэлігійныя лідары павінны заставацца сапраўднымі "дыялагістамі", дзейнічаць як аўтэнтычныя пасрэднікі ў пабудове міру.

“Рэлігіі не могуць выкарыстоўвацца для вайны. Толькі мір святы, і ніхто не павінен выкарыстоўваць імя Бога для благаслаўлення тэрору і насілля”

Папа заклікаў не здавацца перад болем цэлых народаў, якія сталі закладнікамі вайны, галечы і эксплуатацыі. Ён падкрэсліў, што шлях Асізі на працягу гадоў пасля 1986 года быў актам даверу да малітвы і дыялогу на карысць міру.

Францішак таксама згадаў Дакумент аб чалавечым брацтве, які ён падпісаў з Вялікім імамам Аль-Азхара Ахмадам Эль-Таебам у 2019 годзе, як прыклад прагрэсу ў міжрэлігійным дыялогу.

У заключэнне Папа заахвоціў не здавацца перад выклікамі сучаснасці і працягваць будаваць "сетку міру, якая абараняе свет і асабліва самых слабых". Ён нагадвае, што нягледзячы на войны вакол нас, нельга здавацца, бо народы жадаюць міру.
 

02 кастрычніка 2024, 09:58