Пошук

 Падчас папскай аўдыенцыі для ізраільскіх і палесцінскіх палітыкаў Падчас папскай аўдыенцыі для ізраільскіх і палесцінскіх палітыкаў  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Пантыфік сустрэўся з ізраільскімі і палесцінскімі палітыкамі

17 кастрычніка 2024 года ў Ватыкане адбылася значная падзея ў кантэксце міжнародных намаганняў па ўрэгуляванні канфлікту на Блізкім Усходзе. Францішак правёў сустрэчу з чатырма вядомымі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі з Ізраіля і Палесціны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сярод удзельнікаў размовы былі Эхуд Ольмерт, былы прэм'ер-міністр Ізраіля, і Насер Аль-Кідва, які раней займаў пасаду міністра замежных спраў Палесціны. Таксама прысутнічалі Гершан Баскін, ізраільскі журналіст, які прымаў актыўны ўдзел у перамовах па вызваленні ізраільскіх заложнікаў, захопленых палесцінскім рухам Хамас у 2023 годзе, і Самер Сініджлаві, палесцінскі палітычны аналітык.

Сустрэча стала часткай шырэйшых дыпламатычных намаганняў Святога Пасада, накіраваных на дасягненне некалькіх важных мэт. Сярод іх – вызваленне заложнікаў, спыненне ўзброенага канфлікту ў сектары Газа і ўсталяванне доўгатэрміновага міру на Блізкім Усходзе.

Выбар яе ўдзельнікаў паказвае на жаданне Папы ўлічыць розныя пункты гледжання і падыходы да вырашэння канфлікту, а таксама на імкненне да ўсебаковага разгляду сітуацыі і пошуку эфектыўных шляхоў яе вырашэння.
 

17 кастрычніка 2024, 15:46