Папа ватыканскім спаведнікам: прабачайце без лішніх слоў
Марыя Валодзіна - Vatican News
Аўдыенцыя была прымеркавана да 250-годдзя з таго часу, калі служэнне спаведнікамі ў базіліцы святога Пятра было даручана Ордэну Меншых Братоў Канвентуальных. (ПОЎНЫ ТЭКСТ ПРАМОВЫ)
Папа падкрэсліў значнасць гэтага паклікання: базіліку штодзень наведваюць больш за сорак тысяч чалавек. Вернікі і пілігрымы прыходзяць, каб памаліцца на магіле першага апостала, пацвердзіць сваю веру і еднасць з Касцёлам, даверыць Пану свае запаветныя намеры. Турыстаў прыцягвае прыгажосць, гісторыя і мастацтва. Але ў сэрцы кожнага чалавека пульсуе, свядома або неўсвядомлена, імкненне да Бога. Прысутнасць спаведнікаў мае важнае значэнне для ўсіх: для вернікаў – гэта магчымасць сустрэчы з Панам міласэрнасці ў сакрамэнце пакаяння, для турыстаў – сведчанне таго, што Касцёл з'яўляецца супольнасцю збаўленых і дараваных, якія жывуць верай, надзеяй і любоўю, умацаванымі Божай Ласкай.
Францішак звярнуў увагу на тры аспекты, важныя ў служэнні спаведнікаў: пакору, слуханне і міласэрнасць.
Пакора
Францішак нагадаў, што спаведнік, як і апостал Пётр, павінен быць узорам пакоры. Святы Пётр, прабачаны вучань, прыняў пакутніцкую смерць пасля пакорлівага пакаяння за свае грахі (Лк 22, 56-62). Менавіта пакора дазваляе спаведніку зразумець, што ўся сіла ў сакрамэнце пакаяння паходзіць ад Бога, а не ад яго самога. Францішак заклікаў спаведнікаў стаць першымі, хто каецца ў пошуках прабачэння, распаўсюджваючы ў базіліцы дух малітвы і пакаяння.
Слуханне
Другі важны аспект служэння спаведнікаў – здольнасць слухаць усіх, асабліва моладзь. Папа нагадаў, што слухаць – значыць прымаць словы чалавека як дар Божы, які спрыяе асабістаму навяртанню. “Слухаючы брата ў сакрамэнтальнай размове, мы слухаем самога Езуса”, – сказаў Святы Айцец.
Святы Айцец заахвоціў ватыканскіх спаведнікаў “слухаць і не задаваць шмат пытанняў”, “не быць псіхіятрамі”. “Чым менш вы кажаце, тым лепш: слухайце, суцяшайце і даруйце. Вы там, каб прабачаць!” - нагадаў ён.
Міласэрнасць
Пантыфік падкрэсліў, што спаведнік павінен быць чалавекам міласэрнасці, сонечным чалавекам, шчодрым, гатовым разумець і суцяшаць. Духоўнік мае лекі, якімі можна гаіць раны братоў. Гэтыя лекі – ласка Божая. Ён нагадаў словы святога Леапольда Мандзіча аб тым, што святар не павінен прыніжаць людзей, якія прыходзяць да споведзі, бо яны і так ужо адчуваюць сваю слабасць. Папа нагадаў, што сам Хрыстус не прыніжаў мытніка ці Марыю Магдалену, а наадварот, ставіўся да іх з любоўю і спачуваннем.
Напрыканцы прамовы Святы Айцец падзякаваў ватыканскім спаведнікам за іх служэнне ў сэрцы Касцёла, за стараннасць, цярплівасць і вернасць. Ён заўважыў, што пасля нядаўняй смерці свайго спаведніка, зараз ходзіць спавядацца ў базіліцы святога Пятра, а таксама папрасіў гасцей не забываць маліцца аб ім і прабачаць яго на кожнай споведзі.