Пошук

Папа: Выніковы дакумент Сінода – дар усяму Касцёлу

Пантыфік не будзе выдаваць паслясінадальную адгартацыю, бо Выніковы дакумент Сінода ўжо ўтрымлівае канкрэтныя ўказанні, якія могуць стаць кіраўніцтвам для місіі Касцёла на розных кантынентах і ў розных кантэкстах.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Увечары 26 кастрычніка 2024 года Францішак узяў слова на апошнім пасяджэнні Другой сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў на тэму На карысць Касцёла сінадальнага: камунія, удзел і місія. Ён падкрэсліў, што Выніковы дакумент, прыняты ўдзельнікамі сходу, гэта плён амаль трохгадовага працэсу, накіраванага на тое, каб, слухаючы Святога Духа і Божы народ, зразумець як быць “сінадальным Касцёлам” у сучасным свеце.

Не звязваць рукі міласэрнаму Богу

Святы Айцец назваў дакумент “трайным дарам для ўсяго Касцёла”. У першую чаргу – гэта дар для яго як Біскупа Рыма, пакліканага ўмацоўваць у веры братоў, слухаць іншых, а таксама захоўваць і развіваць гармонію ў Касцёле, “нягледзячы на цяжкасці, напружанасць і падзелы, што пазначаюць яго шлях да поўнага аб’яўлення Божага Валадарства”, якое прарок Ісая заклікае ўяўляць як “свята, падрыхтаванае Богам для ўсіх народаў”, з надзеяй на тое, што на ім “не будзе адсутнічаць ніхто”. У сувязі з гэтым Пантыфік заахвоціў расчыняць дзверы, а не будаваць муры.

“Мы не павінны паводзіць сябе як “распарадчыкі ласкі”, якія прысвойваюць сабе скарб, звязваючы рукі міласэрнага Бога. Давайце будзем памятаць, што мы пачалі гэту сінадальную Асамблею, просячы аб прабачэнні, адчуваючы сорам, прызнаючы, што ўсе мы спазналі міласэрнасць”, - сказаў Папа.

Быць сведкамі міру

Святы Айцец працытаваў словы малітвы “містычкі перыферый”, Слугі Божай Мадлен Дэльбрэль, якая заклікала ў першую чаргу пазбягаць закамянеласці. Ён прапанаваў зрабіць гэты заклік “фонавай музыкай для прыняцця Выніковага дакумента”. “У гэты час войнаў мы павінны быць сведкамі міру, таксама вучачыся надаваць рэальную форму суіснаванню пры захаванні адметнасцей”, - сказаў Пантыфік.

Выніковы дакумент – кіраўніцтва для дзеяння

Францішак зазначыў, што не мае намеру выдаваць паслясінадальную адгартацыю, бо ў Выніковым дакуменце ўжо змешчаны “вельмі канкрэтныя ўказанні, якія могуць служыць кіраўніцтвам для місіі Касцёла на розных кантынентах і ў розных кантэкстах”. Ён падкрэсліў, што распарадзіўся неадкладна апублікаваць гэты дакумент.

Святы Айцец заўважыў, што адносна некаторых аспектаў жыцця Касцёла, пазначаных у Дакуменце, а таксама адносна тэм, даручаных дзесяці Даследчым групам, “патрэбны час, каб прыйсці да рашэнняў, якія ўключаць увесь Касцёл”. Ён запэўніў, што па гэтых пытаннях працягне слухаць біскупаў і мясцовыя Касцёлы, давераныя ім.

Францішак патлумачыў, што гэта робіцца “не для таго, каб бясконца адкладваць прыняцце рашэнняў”, але таму што “гэта адпавядае сінадальнаму стылю, у якім спаўняецца Пятровае служэнне: слухаць, склікаць, распазнаваць, вырашаць і ацэньваць”. “Паміж гэтымі крокамі патрэбны паўзы, маўчанне, малітва. Гэта стыль, які мы засвойваем разам, крок за крокам. Святы Дух заклікае нас да яго і падтрымлівае ў гэтым засвойванні, якое мы павінны разумець як працэс навяртання”, - сцвердзіў ён.

Сведчыць пра тое, што ісці разам магчыма

Пантыфік падкрэсліў, што Выніковы дакумент з’яўляецца таксама “дарам для ўсяго Божага народа, у разнастайнасці яго выразаў”, а паколькі прачытаюць яго не ўсе, важна, каб удзельнікі Сінода данеслі да сваіх супольнасцей усё, што абмяркоўвалася на сходзе, у першую чаргу, даючы сведчанне аб перажытым досведзе. 

“Тое, што мы перажылі – гэта дар, які мы не можам трымаць для саміх сябе. Імпульс, які ўзнік на падставе гэтага досведу і адлюстраваннем якога стаў Дакумент, дае нам адвагу, каб сведчыць, што магчыма ісці разам, захоўваючы разнастайнасць”, - сказаў ён.

Перайсці ад слоў да спраў

Папа заўважыў, што ўдзельнікі Сінода паходзяць з розных частак свету, нярэдка пазначаных гвалтам, беднасцю, абыякавасцю. У сувязі з гэтым ён заклікаў не толькі марыць пра мір, але разам прыкласці ўсе сілы, каб “мір наступіў праз працэсы слухання, дыялогу і прымірэння”. “Сінадальны Касцёл у сваёй місіі цяпер патрабуе таго, каб словы суправаджаліся ўчынкамі”, - дадаў Пантыфік.

Напрыканцы прамовы Францішак нагадаў, што гармонія – гэта дар Святога Духа. “Няхай жа гармонія застанецца нават тады, калі мы пакінем гэтую залу, а подых Уваскрослага дапаможа нам падзяліцца атрыманымі дарамі”, - пажадаў Святы Айцец.
 

26 кастрычніка 2024, 19:15