Прадстаўнікі Каталіцкай акцыі на плошчы святога Пятра Прадстаўнікі Каталіцкай акцыі на плошчы святога Пятра  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Святы Айцец заклікаў Каталіцкую акцыю да інтэграцыі мігрантаў

Францішак заклікаў італьянскую Каталіцкую акцыю (АКІ) не зачыняць дзверы перад мігрантамі. Ён падкрэсліў, што Бог асаблівым чынам любіць мігрантаў і клапоціцца пра іх.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа скіраваў кароткі відэазварот да ўдзельнікаў нацыянальнага з'езду старшынь і дыяцэзіяльных асістэнтаў гэтага каталіцкага руху, які завяршыўся 20 кастрычніка 2024 года ў Сакрафана, непадалёк ад Рыма.

"Мігранта трэба прыняць, суправадзіць, падтрымаць і інтэграваць. У яго руках будзе рост усіх", - лічыць Пантыфік. Ён звярнуў увагу на тое, што загад Езуса "дайце ім есці" датычыць кожнага. Гэта заклік працягнуць руку дапамогі, каб суправаджаць людзей і не даць ім патануць, асабліва гэта тычыцца мігрантаў.

Святы Айцец нагадаў, што ў Старым Запавеце пастаянна згадваюцца тры катэгорыі патрабуючых: удовы, хворыя і мігранты. "Бог асабліва любіць мігрантаў і клапоціцца пра іх", - падкрэсліў ён.

У сваім звароце да Каталіцкай акцыі Францішак падкрэслівае важнасць хрысціянскай салідарнасці і міласэрнасці ў сучасным свеце. Ён заклікае вернікаў не толькі да матэрыяльнай дапамогі, але і да духоўнай падтрымкі і сапраўднай інтэграцыі мігрантаў у грамадства.
 

21 кастрычніка 2024, 09:31