Пошук

Сінод Біскупаў. Ілюстрацыйнае фота Сінод Біскупаў. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Сінод абраў новы склад Звычайнай рады

23 кастрычніка 2024 года на Сінодзе Біскупаў адбыліся выбары новых членаў Звычайнай рады Генеральнага сакратарыята Сінода. Яны будуць адыгрываць важную ролю ў рэалізацыі рашэнняў цяперашняга сінадальнага сходу і рыхтаваць наступную Асамблею.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Звычайная Рада Генеральнага сакратарыята Сінода Біскупаў будзе складацца з сямнаццаці чалавек. Удзельнікі сходу выбралі дванаццаць членаў, якія паходзяць з розных геаграфічных абшараў. Сярод іх па адным прадстаўніку ад Усходніх Цэркваў і Акіяніі, і па два прадстаўнікі ад Паўночнай Амерыкі, Лацінскай Амерыкі, Еўропы, Афрыкі і Азіі.

Членам Рады ад Усходніх Цэркваў стаў старшыня Сінода Мельхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы, Патрыярх Антыяхійскі Юсуф Абсі з Сірыі; ад Акіяніі –арцыбіскуп Перта Цімаці Джон Кастэла з Аўстраліі, ад Паўночнай Амерыкі – біскуп Браўнсвіла Даніэль Эрнэст Флорэс з ЗША і біскуп Валіфілда Алэн Фабэр з Канады; ад Лацінскай Амерыкі – арцыбіскуп Багаты, кардынал Луіс Хасэ Руэда Апарысіа з Калумбіі і арцыбіскуп Маракайбы Хасэ Луіс Азуахе Аяла з Венесуэлы; ад Еўропы – арцыбіскуп Марселя, кардынал Жан-Марк Авелін з Францыі і арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас з Літвы; ад Афрыкі – арцыбіскуп Бангі, кардынал Д’еданэ Нзапалаінга з Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі і арцыбіскуп Баменды Эндру Нкеа Фуанья з Камеруна; ад Азіі – арцыбіскуп Гоа і Дамана, кардынал Філіпэ Нэры Антоніу Себасцьяну ду Разарыа Ферану з Індыі і біскуп Калаакана, кардынал-намінант Пабла Віргіліё Сіёнгка Давід з Філіпін.

У склад групы будуць уключаны таксама чатыры члены, прызначаныя асабіста Святым Айцом, і кіраўнік дыкастэрыі Рымскай курыі, у кампетэнцыі якой будзе тэма наступнага Сінода.

Мэта Звычайнай Рады Генеральнага сакратарыята Сінода Біскупаў заключаецца ў падрыхтоўцы наступнай Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў, разглядзе прапаноў, прынятых на Сінодзе, дапамозе ў іх рэалізацыі, а таксама ў вырашэнні іншых пытанняў, якія можа даручыць Пантыфік. Члены Рады прыступяць да выканання сваіх абавязкаў па завяршэнні Звычайнай Асамблеі, на якой былі выбраны.
 

24 кастрычніка 2024, 09:48