Пошук

Святы Айцец: мару пра камунікацыю, якая спрыяе адзінству

Папа прызнаўся, што марыць пра камунікацыю, здольную яднаць людзей і культуры, быць уважлівай да бедных і ахвяр вайны, заўважаць агеньчыкі дабра і надзеі ў свеце, каб расказваць пра іх.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

З нагоды пленарнага пасяджэння Дыкастэрыі па камунікацыі Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі кіраўніцтва, членаў і супрацоўнікаў гэтага ватыканскага ведамства. Сустрэча прайшла раніцай 31 кастрычніка 2024 года ў Клементыйскай зале Апостальскага палацу Ватыкана. (ПОЎНЫ ТЭКСТ ПРАМОВЫ)

Будаваць масты, калі многія ўзводзяць муры

“Вы пакліканы да вялікага і натхняльнага задання: будаваць масты, калі многія ўзводзяць муры; спрыяць адзінству, калі многія распальваюць падзелы; залучацца ў трагедыі нашага часу, калі многія аддаюць перавагу абыякавасці”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы ватыканскіх журналістаў быць крэатыўнымі, разважліва выкарыстоўваць тэхналогіі, а ў першую чаргу залучыць у сваю працу сэрца.

Мара пра камунікацыю, якая яднае людзей

“Дазвольце я раскажу вам пра маю мару. Я мару пра камунікацыю, здольную яднаць людзей і культуры. Я мару пра камунікацыю, здольную расказваць і цаніць гісторыі і сведчанні, якія здараюцца кожны дзень у розных частках свету”, - падкрэсліў Папа.

Крэатыўнасць – адказ на фінансавыя цяжкасці

Святы Айцец адзначыў, што ватыканскія медыя павінны скарачаць выдаткі і шукаць іншыя фонды для фінансавання, бо Апостальская Сталіца не можа працягваць дапамагаць ім так, як дапамагае зараз. “Я ведаю, што гэта кепская навіна, але гэта таксама і добрая навіна, таму што задзейнічае вашу крэатыўнасць”, - сказаў Францішак, выказваючы радасць з той прычыны, што нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, да больш чым пяцідзесяці моў вяшчання ватыканскіх СМІ ў апошнія гады дадаліся таксама новыя: лінгала, мангольская і канада.

Накіраваць пражэктары на бедных і ахвяр вайны

Пантыфік падкрэсліў, што марыць пра камунікацыю, уважлівую да ўсяго чалавечага і да ран шматлікіх братоў і сясцёр. “У сувязі з гэтым я заклікаю вас больш выходзіць, больш наважвацца, больш рызыкаваць, не для таго, каб распаўсюджваць вашы ідэі, але каб з сумленнасцю і запалам расказваць пра рэчаіснасць. Я мару пра камунікацыю, здольную ісці далей за слоганы і накіроўваць святло пражэктараў на бедных, апошніх, мігрантаў, ахвяр вайны”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што гаворка ідзе пра спрыянне інклюзіўнасці, дыялогу і пошуку міру. Святы Айцец прызнаўся таксама, што марыць пра камунікацыю “цікаўную і кампетэнтную, здольную занурацца ў рэчаіснасць, каб быць здольнай расказваць пра яе”.

Не баяцца шукаць новыя шлях

Папа заклікаў журналістаў не баяцца змяняцца і вучыцца новым мовам камунікацыі, праходзіць новымі шляхамі і жыць у лічбавым свеце, але не баналізуючы і не замяняюць па-сапраўдныя чалавечыя, асабістыя адносіны, сустрэчамі ў інтэрнэце. “Дапамажыце мне, калі ласка, пазнаёміць свет з Сэрцам Езуса праз спагаду да гэтай параненай зямлі... Дапамажыце мне зрабіць так, каб камунікацыя была прыладай спрыяння адзінству”, - заклікаў Святы Айцец.

Заўважаць агеньчыкі надзеі

“Нягледзячы на тое, што свет скалынае жудасны гвалт, мы, хрысціяне здольныя глядзець на шматлікія агеньчыкі надзеі, шматлікія малыя і вялікія гісторыі дабра. Мы ўпэўнены, што зло не пераможа, таму што Бог кіруе гісторыяй і збаўляе нашы жыцці. Юбілей, які распачнём праз некалькі тыдняў, з’яўляецца вялікай нагодай для таго, каб сведчыць перад светам пра нашу веру і нашу надзею”, - нагадаў работнікам ватыканскіх СМІ Пантыфік.
 

31 кастрычніка 2024, 12:02